Беларускія прыказкі. Літара - А

  1. Абадранцы пусьціліся ў танцы. — У простым сэньсе гэтак прыказваюць тым, што ў непрызваітым выглядзе выступаюць перад людзьмі. Гэтак-жа прыказваюць людзям, якія бяруцца за справу, да якое непадрыхтаваныя няздольныя.

  2. Аб воўку памоўка, а воўк тут. — Прыказваюць, калі ў гутарцы некага ўспамінаюць, а ён у гэты час зьяўляецца.

  3. Абедаў, абедаў, а жывот ня ведаў.
    1. Гэтымі словамі гаспадары перапрашаюць гасьця ці робяць яму вымову, што ён хоць доўга сядзеў за сталом пры ядзе, а страва ўся цэлая.
    2. Гэтымі словамі работнік наракае гаспадара, калі ён хоць і доўга сядзеў за сталом пры абедзе, але галодны, бо ежа была або няпрыгодная, або яе было мала.

  4. Абіваць парогі. — Часта да некага хадзіць і надакучаць гаспадару.

  5. Абіцаная шапка на вушы ня лезя. — Гэтак упікаюць таму, які шмат абяцаў за аказаную дапамогу, але нічога ня даў.

  6. Абіцанка-цацанка, а дурному радасьць.
    1. Гэтак высьмейваюць паслухмянага-наіўнага чалавека, што вера абяцанкам ліхвяра-ашуканца.
    2. Гэтак прыказвае ашуканы чалавек, калі ашуканец не аддае, што вінаваты, а цеша абяцанкамі.

  7. Аблізаў таўкач. — Гэтак высьмейваюць таго дзяцюка, які езьдзіў да дзеўкі ў сваты, ды дзеўка адмовілася выйсьці за яго замуж.

  8. Або едзь, або на бок зварачавай. — Кажуць да таго, хто работы ня робе й не адмаўляецца ад яе.

  9. Або іграй, або грошы аддай. — Гэткія патрабаваньні ставяць да таго, хто ўзяў наперад плату, ды ня хоча выконваць умоўленай работы.

  10. Або пан, або прапаў. — Гэтак прыказвае той, хто рыхтуецца да рызыкоўнага чыну. Калі чын удасца, дык будзе ў павазе, славе й багацьці: будзе панам, а калі ня ўдасца, дык загіне, прападзе.

  11. Або сена клок, або вілкамі ў бок. — Тут у простым сэньсе гаворыцца аб быку. Гэтак прыказваюць таму, хто рыхтуецца да рызыкоўнага чыну малой выгранкай.

  12. Абоя - рабоя. — Гэтымі словамі робяць параўнаньне, калі абое роўныя, адзін варты другога.

  13. А братачка мой, зьела сучка лой. — Жартаўлівая гульня словаў. Гэтак прыказваюць, каб перабіць пустую гутарку.

  14. Аб свайго гаварыць - галава баліць. — Гэтак наракае той, хто мае блізкіх з радні людзей, якія дрэнна сябе паводзяць і гэтым зьнеслаўляюць усю радню.

  15. Абсьліненая ваўком авечка ў лес бяжыць. — Былі такія назіраньні, што калі воўк злове авечку ды нясе ў лес і зь перапуду кіне яе ды ўцякае, дык яна не варочаецца да стада, але па сваей авечай дурноце бяжыць у лес за ваўком. Гэтак прыказваюць тады, калі нехта збаламучаны сваім ворагам-злачынцам, ідзе за ім на сваю пэўную загубу. Гэтак кажуць і аб тых, што ідуць навосьлеп за ворагамі-чужынцамі на сваю нацыянальную загубу.

  16. Абуў у лапці. — Прыказваюць, калі нехта моцна ашукаў.

  17. Абхадзіў туркі-баркі й воўча балотца. — Прыказвае той, хто шмат хадзіў, нечага шукаючы ці прапытваючы.

  18. Абы біда, а грашы будуць. — Гэтак прыказваюць, калі неўспадзеўкі на беднага чалавека звалілася бяда й патрэбныя грошы, бо ён або нешта патрэбнае прадасьць, або пазыча, але грошы дабудзе.

  19. Абы біда, а шыя будзя. — Прыказваюць, калі навальваецца бяда на грамаду, бо яна калі не аднаго, дык другога прыдуша. Прыклады: Калі воўк нападзе на вясковыя авечкі, дык нейкую авечку панясе. Або, калі з Райкому прыйдзе загад: «Даць з кажнага калгасу па сям'і для высылкі на Далёкі Ўсход» - дык тую ці іншую сям'ю зь вёскі хопяць.

  20. Абы была галава на карку. — Прыказваюць таму, калі нехта бядуе, што таго ці іншага нехапае, бо калі будзе галава на карку, дык з часам усё набудзе.

  21. Ад барады тры пядзі да вады. — Кажуць таму, хто без патрэбы зайшоў у чужую хату й кажа, што хацеў вады (яму напамінаюць пра ягоную натуральную ваду).

  22. Ад Бога грэх і ад людзей сьмех. — Гэтак наракае чалавек сам на сябе, калі зрабіў нейкі праступак праз сваю сваволю.

  23. Адвага або мёд п'е, або кайданы трэ. — Калі адважны чын удасца, дык чалавек будзе раскашавацца ў шчасьці, калі-ж ня ўдасца, дык загіне ў кайданох.

  24. Адвага й гарады бярэ. — Толькі адважны можа лічыць на ўдачу.

  25. Адвага ні зьнівага. — Адвага заўсёды добрая прыкмета чалавечага характару.

  26. Адважны ні баіцца ніўдачы. — Адважны заўсёды пэўны ў сваей перамозе.

  27. Адважны - пан важны. — Адважнага паважаюць ня толькі ягоныя прыяцелі, але й ворагі.

  28. Адважны п'е мёд, а раздум ваду. — Людзі адважныя, сьмелае рызыкі, звычайна жывуць у дастатку, а разважлівыя найчасьцей бедна, бо мала дзеюць.

  29. Ад вастрогу й ад торбы ні адмовішся. — І нявінны можа папасьці ў вастрог і кажны можа зьбяднець ды стацца ўбогім.

  30. Ад Грамніцаў зімы траціна, а да хлеба палавіна. — Сялянская заўвага. Ад Грамніцаў, 2-га лютага, застаецца зімы адзін месяц, але да новага хлеба трэба чакаць паўгода, бо толькі ў жніўні бывае новы хлеб.

  31. Аддай рукамі, а хадзі нагамі. — Кажа той, хто пазычыў грошы ці што іншае, ды трэба шмат разоў хадзіць, каб спагнаць доўг.

  32. Аддай сучку, а сам брашы. — Кажа той, каго высьмейваюць, што паслугоўваецца несумленнымі (сабакаватымі) абаронцамі.

  33. Аддам на сьвятое «ніколі». — Кажуць пра безнадзейнага даўжніка.

  34. Аддасьць на тым сьвеце вугальчыкам. — Кажуць пра такога даўжніка, які за зробленае дабро адплачвае злом. Калі на тым сьвеце ягоны дабрадзей будзе гарэць у пекле, дык ён падкіне вугальчыкаў.

  35. Ад'еда сэрца. — Аб апрыкроніку, што шмат дакучае.

  36. Адзін багуцкі і той ня людзкі. — Кажуць пра дзіця, калі яно адно, але недарэчнае ці благое.

  37. Адзін вырай вясны ня робя. — Першая навіна можа быць і хвальшывай. Лепш пачакаць і паглядзець, ці яна спраўдзіцца.

  38. Адзін дасуж ды нядуж. — Хоць адзін і можа абдумаць добра справу, але часта ня ў сілах зрабіць вялікае работы.

  39. Адзін задзіраха, другі ніспусьцяха. — Калі абое роўныя пачынаюць звадку.

  40. Адзін з сошкай, а сямёра з ложкай. — Прыказваецца, калі аднаму працаўніку трэба пракарміць шмат дармаедаў або вялікую непрацаздольную сям'ю.

  41. Адзін і хлеб прыедліў. — Адно й тое самае, хоць і найлепшае, можа надакучыць, як і сам хлеб бязь іншай яды.

  42. Адзін сказаў на глум, а другі бярэ на вум. — Ня трэба захапляцца чужымі, хай сабе й прыгожымі словамі, а трэба іх пераўзважыць сваім розумам, ці няма ў іх нейкага кепства ці хітрасьці.

  43. Адзін хоць зьеж вала - усё адна хвала. — Толькі гасьціннасьць і сяброўства дае чалавеку пашану й славу, скупасьць-жа й зайздрасьць паніжае.

  44. Ад капусты ногі клусты. — Паводля сялянскага разважаньня капуста самая пажыўная й сытная ежа, калі да яе дадаць хлеб і сала.

  45. Адклад ня йдзе ў лад. — Перасьцярога-рада не адкладаць работы ці справы на пазьней.

  46. Адкроіная ськібка ні прыліпня. — Прыказваюць, калі аддадзеная замуж дачка хоча вярнуцца да свайго бацькі. Як ськібка ня можа прырасьці да булкі хлеба, гэтак і замужняя дачка ня можа вярнуцца да бацькавай сям'і й стацца ізноў семянінам.

  47. Ад летка да летка чакай, маё дзетка. — Прыказваюць, калі тэрміновую справу суляць адкласьці на неазначаны час.

  48. Ад ліха ціха, алі й дабра німа. — Жартаўлівы адказ, калі пытаюцца аб жыцьці, аб навінах.

  49. Ад Міколы правая зіма й правая лета. — Сялянская заўвага аб тым, што запраўдная зіма пачынаецца ад зімовай Міколы, 6 сьнежня, а лета ад Міколы веснавой, 9 траўня.

  50. Адна біда да чалавека ні прыходзя, а па колькі разам. — Перакананьне, што адна бяда ў чалавека часта выклікае іншыя беды.

  51. Адна варона з куста, а сем на куст. — Калі адзін чалавек зьляціць з прыбытковай пасады, дык на ягонае месца зьяўляецца сем новых ахвотнікаў.

  52. Адна галава добра, а дзьве яшчэ лепі. — Радзяць выслухаць параду добрага чалавека.

  53. Адна галава на карку. — Гэтак прыказваюць-разважаюць чалавека, які наракае на сваю беднасьць, бо мае ўсяго нейкую адну рэч ці жывёліну.

  54. Адна кашуля на мне, а другая ў кубля на дне. — Гэтак прыказваюць аб небагатым, але дбайным чалавеку, які не дапускаецца да аднэй кашулі, але мае заўсёды другую ў запасе.

  55. Аднаму й у кашы няспорна. — Аднаму спору ў працы няма, як няма й у ядзе.

  56. Адна паршывая авечка ўсё стада паскудзя. — Прыказваюць, калі адзін благі чалавек зьнеслаўляе ўсю сям'ю ці грамаду.

  57. Ад напасьці ні прапасьці. — Прыказваецца калі на нявіннага чалавека ўзложаць напасьць, бо ня трэба тады ўдавацца ў роспач, але напасьць мужна пераносіць і ад яе бараніцца.

  58. Адно вока й тоя спаць хоча. — Аб нядбайным гаспадару, у якога ёсьць усяго адна нейкая рэч ці жывая істота, але й яе трэба дагледзіць. Прыкладам, ёсьць адно дзіця, якое трэба добра выхаваць і навучыць.

  59. Аднолькава, браця, гініш, дык аддай мне й канаплініц. — Калі бедны чалавек гіне, дык ягоны багацейшы сусед ня толькі яму не памагае ў бядзе, але хоча загарнуць і апошнюю маемасьць. Канаплінец - месца, дзе сеюць каноплі, звычайна найлепшая ў гаспадарцы зямля.

  60. Аднолькава разбрахаўся, дык аб кросны папытаўся. — Аб гаварлівым чалавеку, які перапрашае, што памыліўся ў гутарцы, ці сказаў непатрэбнае слова. Талковы мужчына не павінен гаварыць аб жаночых справах, кросны-ж - жаночая работа.

  61. Адно права праў. — Рабі адну работу. Прыказваюць, калі нехта за колькі работ зразу бярэцца. Прыклад: «Ты, хлопец, адно права праў - калі ясі, дык еш, а не - вылазь з-за стала ды чытай».

  62. Адну авечку стрыгуць, а сем трасецца. — Прыказваюць, калі на аднаго зь вёскі спадзе раптоўная бяда, якая можа зваліцца й на кажнага іншага. Прыкладам, адну сям'ю апісалі й вывозяць на высылку, а ўся вёска дрыжыць ад страху, бо ўжо заўтра гэта-ж можа здарыцца з кажным іншым.

  63. Адну дзірку ладзь, а другая там-жа глядзь. — Старой благой рэчы ня варта ладзіць, бо не аплаціцца.

  64. Адных бацькоў дзеці ды няроўныя. — Прыказваюць, калі родныя браты маюць розныя характары ці розныя пагляды.

  65. Аднэй маткі дзеткі ды ніаднолькавыя песьні пяюць. — Хоць і аднаго краю людзі, але маюць розныя перакананьні.

  66. Ад пекла адарваўся й да раю ні дастаўся. — Аб тым, хто з благога месца вырваўся, але й у добрае ня змог папасьці.

  67. Адпёк пірагі. — Прыказвае той, хто адпомсьціўся за сваю крыўду.

  68. Ад піва сцаць крыва. — Патрэбна часта з хаты выбягаць.

  69. Ад прыбытку галава ні баліць.
    1. Кажуць таму, хто мае прыбытак хоць і малы.
    2. Гіранічна жартуюць з таго, каму ў сям'ю прыбыў непажаданы чалавек.

  70. Ад работы і коні дохнуць. — Гэтак прыказвае гультай, калі яго прымушаюць да работы.

  71. Ад роднага таткі дорагі й латкі. — Ня толькі тая спадчына дарагая ад блізкога чалавека, якая мае матар'яльную каштоўнасьць, але яшчэ даражэйшаю можа быць тая, што хавае ў сабе дарагі ўспамін аб блізкой асобе.

  72. Адрыгнуцца ваўку авяччы сьлёзы. — Прыйдзе час, калі й дэспаты будуць пакараны за свае злачынствы.

  73. Ад сьмерці рук ні падложыш. — Гэтак разважаюць таго чалавека, у каго памерла блізкая асоба.

  74. Ад сьніткі ногі як ніткі. — Гэтак прыказвалі даўней, калі раньняй вясной варылі мяцьва з травы сьніткі, зь якога целу ня было пажытку.

  75. Ад таго мы пагалелі, што соладка пілі й елі. — Часта людзей да беднасьці прыводзіць п'янства й смачная ежа.

  76. Ад хатняга злодзія ні ўсьціражэшся. — Прыказваецца тады, калі нехта жыве з злодзеям.

  77. Ад цяплосьці ні баляць косьці. — Прыказваюць найчасьцей старыя, калі маладыя ім прытыкаюць, што духата ў хаце, або калі стары надта цёпла адзеўся.

  78. А ён будзя казаць. — «Чаму ты, Бронька, у калгас ня йдзеш? - запытаўся камсамолец. А Бронька будзе казаць: - Я лепі ў возеры ваду замучу (знача - утаплюся), як у калгас іці».

  79. А ён сваё права правя. — Прыказваюць, калі нехта ня слухае ні заўвагаў, ні перасьцярогаў, а робе тое самае, што й рабіў.

  80. Аж вочы на лоб лезуць. — Прыказваецца пры падыманьні нечага цяжкога.

  81. Аж вушы вянуць. — Прыказваюць, калі нехта пры грамадзе бяз сораму выказвае брыдотныя словы, а таксама калі чуецца дакучлівы плач.

  82. Аж зімля стогня. — Прыказваюць пры гарматняй страляніне ці грымотах.

  83. Аж з скуры вон лезе. — Калі нехта з усіх сіл намагаецца нечага дасягнуць.

  84. Ай, Гвалт! Жыды Мэндаля б'юць! — Гэтак усклікаюць, калі пачуюць нязвычайную сьмешную навіну.

  85. А йдзі ты ў катнія рукі. — Кажуць на таго, хто бязупынку пагражае, што пакіне, пойдзе адгэтуль.

  86. А касьнік вісіць? А дзяцюк глядзіць? — Гэтак жартуюць, калі дзяўчына доўга прыбіраецца перад люстэркам.

  87. Але! Паехаў на вале. — Гэтак жыхары нашай ваколіцы прыказваюць жыхаром суседняй Гаенскай ваколіцы, калі пачуюць, што тыя патакаюць словам «Але!», бо ў нашай ваколіцы патакаюць словам «Ага!».

  88. А маладыя пад касцёлам ні сідзяць? — Напамінаюць тым, хто пагарджае старымі запрашаць іх на працу ці нейкую нараду.

  89. А мая кабыла на ўсё забыла. — Кажа той, хто пакідае суполку, у якую ён ўнёс больш укладу, а з яго кпяць і высьмейваюць. Паходзе з казкі, дзе мужчыны зьнесьлі снасьць ехаць на кірмаш, а едучы дамоў сталі высьмейваць і кпіць з таго гаспадара чыя была кабыла. Ён зьлез з саней, выпраг кабылу, зьняў з яе збрую ды паехаў дамоў конна сказаўшы «А мая кабыла на ўсё забыла».

  90. А мой-жа ты ціляпень, ня бі мяне цяпер. Я жыла, ні была, і памру, ні пайду. — Гэтак прыказваюць, калі мала бывалы чалавек спалохаецца новага вынаходу - аўтамашыны, радыя ці чаго іншага. Паходзе гэта з казкі: Старая баба прышла першы раз да царквы ды стала пад званіцай. Калі звон над галавой зазваніў, яна спужалася звону й гэткімі словамі ў яго прасілася.

  91. А наш андрэй за ўсіх мудрэй. — Гэтак прыказваюць на пахвалу рызыканта.

  92. Ані рухнуў, ані вухнуў. — Прыказваюць таму, які за зробленую ласку не сказаў ні «дзякуй», ні благога слова, бо-ж навет і сьвіньня, калі адыходзіць задаволеная ад карыта, дык рухне, а калі незадоволеная, дык вухне.

  93. Ані той дух. — Прыказваецца аб чалавеку, які не даецца ўгаварыць.

  94. Ані тоя туды. — Прыказваецца аб чалавеку, які не даецца ўгаварыць.

  95. Ані цыбулькі, ані ўкрышыць у што. — Калі няма чаго есьці, дык не галоўная бяда, што няма цыбулькі, але што няма ў што яе ўкрышыць.

  96. А пайдзі ты круцьцю-неварацьцю! — Так лаюць і праганяюць круцялёў ашуканцаў.

  97. А Паўлачка, а бацячка, устань і паглядзі, што твой сын шэльма Мікалайчык робя. — Гэтак жартаўліва прыказваюць, калі бачаць відавочную несправядлівасьць. Гэты зварот гістарычны. Калі пры цары Мікалаю I у Барысаве забралі першага Жыда ў расейскае войска, дык ягоны бацька, галосячы, гаварыў гэтыя словы. Перад гэтым-жа Жыды ў Беларусі былі звольненыя ад ваеннай павіннасьці. Пры звадцы яны навет упікалі Беларусаў: «Чакай, чакай, пойдзіш пад чырвоную шапачку».

  98. Апёкся на малацэ, дык студзя й на вадзе. — Гэтак прыказваюць, калі чалавек меў нейкае балючае пашкоджаньне, дык посьля высьцерагаецца й там, дзе яго ніколі ня можа быць.

  99. Апошняга й у салдаты ні бяруць. — Прыказвае той, хто ня хоча нечага апошняга аддаваць. Да 1914 году ў Расейскай імпэрыі апошняга (адзінага) сына ў войска ня бралі.

  100. Апошняя ў папа жонка. — Прыказваюць таму, хто ня хоча нечага апошняга аддаць, бо ўсё можна набыць, толькі праваслаўны сьвятар другі раз ня можа жаніцца.

  101. Аржаная каша сама сябе хваля. — Прыказваюць таму, якога ніхто ня хвале, а толькі ён сам сябе.

  102. А там Бог бацька. — Прыказваюць тыя, што спадзяюцца на нейкае паляпшэньне.

  103. Атросься ды й панёсься. — Прыказваюць аб тым, які нарабіў крутні-няпрыемнасьці й сам нейдзе ўцёк.

  104. А ты, воўча, сядзі моўча. — Калі злачынец іншых абвінавачвае ў злачынстве.

  105. Аўгіня нявінна й Ігнат ні вінават. — Прыказваецца, калі ў сям'і нейкая бяда ці дрэнная прыгода, калі кажны правуецца, што ён тут ня вінны ды звальвае віну на іншага.

  106. Аўдзей усё між людзей. — Прыказваюць аб хітрым бяссумленным чалавеку, які ўмее прыстасавацца да кажнае кампаніі, каб пажывіцца.

  107. Аўлас ды ні ў нас. — Гэтак прыказвалі тыя бедныя людзі, у каго ня было скароміны, бо на Аўласа сытная ежа. Сьвята Аўласа ў чэсьць бога Веласа. Сьвята гэтае абходзілі ў вапопші чацьвер перад Масьляніцай.

  108. Аўлас па калені ў масьля. — Аўлас-Велас бог статку. Сьвята ў яго гонар адбывалася вясной, калі ўжо было сьвежае масла. Магчыма перад балваном Веласа клалі масла ў вахвяру й тое масла дасягала каленяў Веласа. Можна прыпускаць, што гэтая прыказка далёкай старасьветчыны.

  109. А ў сабакі хата была? — Гэткая заўвага ставіцца, калі нейкі прайдзісьвет выхваляецца аб сваім багацьці.

  110. Ахвота горш няволі. — Гэтак прыказваюць таму, хто без развагі, па сваей волі й ахвоце паклікаў на сябе нейкае няшчасьце.

  111. Ах ты, злодзі канавод, вадзіў коні праз гарод. — Жартаўлівая гульня словаў. Прыказваецца, калі спрытны апавядальнік усхваляе свае шальмоўскія прыгоды.

  112. Ах ты, злодзі паяёк, цябе білі, а я ўцёк. — У простым сэньсе справа гэтак выглядае: Два злодзеі пашлі красьці яйкі. Аднаго злавілі ды білі, а другі ўцёк. Той, што ўцёк, лаяў свайго паплечніка й абвінавачваў яго ў зладзействе. Гэтак прыказваюць, калі прапышны злачынец абвінавачвае злачынцу другога, з малымі праступкамі. Гэты злачынец абвінавачвае не за самое злачынства, а за тое, што той ня мог канцоў пахаваць.

  113. А што? Пацалаваў сабаку ў сраку? — Кажуць таму, хто рабіў вялікія захады, каб зрабіць вялікія непрыемнасьці свайму ворагу, але ня змог.

Правила сообщества

Запрещена политика в постах за исключением юмористических, исторических и околоисторических постов.

Запрещены (наказывается временным баном внутри сообщества):

ксенофобия, токсичность, провокации, расизм и шовинизм, экстремизм или подстрекательство к нему

Если вы заметили какое-либо нарушение, пожалуйста, напишите об этом @admoders.

Темы

Политика

Теги

Популярные авторы

Сообщества

18+

Теги

Популярные авторы

Сообщества

Игры

Теги

Популярные авторы

Сообщества

Юмор

Теги

Популярные авторы

Сообщества

Отношения

Теги

Популярные авторы

Сообщества

Здоровье

Теги

Популярные авторы

Сообщества

Путешествия

Теги

Популярные авторы

Сообщества

Спорт

Теги

Популярные авторы

Сообщества

Хобби

Теги

Популярные авторы

Сообщества

Сервис

Теги

Популярные авторы

Сообщества

Природа

Теги

Популярные авторы

Сообщества

Бизнес

Теги

Популярные авторы

Сообщества

Транспорт

Теги

Популярные авторы

Сообщества

Общение

Теги

Популярные авторы

Сообщества

Юриспруденция

Теги

Популярные авторы

Сообщества

Наука

Теги

Популярные авторы

Сообщества

IT

Теги

Популярные авторы

Сообщества

Животные

Теги

Популярные авторы

Сообщества

Кино и сериалы

Теги

Популярные авторы

Сообщества

Экономика

Теги

Популярные авторы

Сообщества

Кулинария

Теги

Популярные авторы

Сообщества

История

Теги

Популярные авторы

Сообщества