
Куток беларускай мовы
Царкоўка
Прэм’ера кліпа на Купальскую песню ЦАРКОЎКА ад праекта TryNici мусіла адбыцца яшчэ ўлетку 2020, але сумныя падзеі ў Беларусі перашкодзілі рэлізу.
Нарэшце мы прэзентуем кліп і вельмі спадзяемся, што ён паспрыяе адкрыцю прыгажосці і чараўніцтва беларускай зямлі і нашай этнічнай музыкі ў аўтарскай апрацоўцы
Стварыла бюсты Касцюшкі, Горкага, Чайкоўскага і ратавала яўрэяў у Кобрыне. Гісторыя скульптаркі Бальбіны Світыч-Відацкай
Наша гісторыя захоўвае мноства таямніц і імёнаў таленавітых суайчыннікаў, чые біяграфіі яшчэ дэталёва не вывучылі, не прааналізавалі для шырокіх колаў аўдыторыі. Сярод іх, напрыклад, даволі цікавая скульптарка Бальбіна Світыч-Відацкая. Яна даволі доўга жыла ў савецкай Беларусі, стварала мастацкія творы для філармоніі, драматычнага тэатра ў Брэсце, але ў пэўны момант была вымушана з’ехаць за мяжу. Што цікава, за кардонам яна таксама не разгубілася і працягвала ствараць, пакінуўшы пасля сябе змястоўную спадчыну. Хто такая Світыч-Відацкая і чым ейная гісторыя звязана з Магілёвам, расказвае мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.
16 кастрычніка споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння славутай скульптаркі і культурнай дзяячкі Бальбіны Світыч-Відацкай. Яна нарадзілася ў сям’і Мікадзіма Світыча і Марыі з роду Канарскіх 31 сакавіка 1901 года ў нашым Магілёве на Дняпры. Але ва ўзросце ўсяго чатырох гадоў Бальбіна страціла сваіх бацькоў. Адзіным яе апекуном застаўся матчын брат — ксёндз Уладзіслаў Канарскі, які тады служыў пробашчам у далёкім Варонежы.
Пазней ён перадаў апеку над дзяўчынкаю сям’і Віткоўскіх, якія жылі ў Барысаве, што пад Кобрынам. Гаспадыня, настаўніца Станіслава Віткоўская, была стрыечнай цёткаю Бальбіны, а яе муж Язэп Віткоўскі быў тамтэйшым лекарам. Там, у Барысаве, прамінулі дзіцячыя гады будучай мастачкі. Уласных дзяцей у Віткоўскіх не было, а таму Станіслава Віткоўская стала для Бальбіны другою маці. Яна разгледзела ў дзяўчыне мастакоўскі талент і рупілася, каб тая атрымала грунтоўную адукацыю.
У 1919 годзе, калі Брэст апынуўся пад польскай адміністрацыяй, Бальбіна паступіла ў мясцовую гімназію імя Рамуальда Траўгута. У горадзе над Бугам яна пачала рабіць першыя крокі ў вялікі свет мастацтва. У 1922-м маладая мастачка стварыла ў доме Віткоўскіх галерэю ўласных твораў. Гімназію ў Брэсце Бальбіна скончыла толькі ў 1924 годзе, пасля чаго адразу паступіла ў Кракаўскую акадэмію мастацтваў. Там ёй пашчасціла стаць вучаніцай слыннага скульптара, рэктара акадэміі Канстанціна Ляшчкі.
Падчас навучання ў Кракаве
Падчас вакацый Бальбіна папаўняла сваю прыватную галерэю ў пакоях прасторнага дома Віткоўскіх. Дарэчы, гэты дом захаваўся ў Кобрыне да нашых дзён. Па вайне ў ім пасялілі ажно шэсць сем’яў вайскоўцаў. Новыя жыхары дома нічога не ведалі пра яго гісторыю і лёс яго гаспадароў. Кажуць, што і ў наш час у сутарэннях і на гарышчы знаходзілі кавалкі пабітых фігур ды падраныя карціны.
Пасля сканчэння Кракаўскай акадэміі мастацтваў Бальбіна вярнулася ў Кобрын і пачала выкладаць у тамтэйшай гімназіі выяўленчае мастацтва. Але найперш яна абсталявала сабе майстэрню. І сёння на старых каталіцкіх могілках Кобрына можна ўбачыць выявы анёлаў, што, як сцвярджаюць мясцовыя жыхары, вырабляла сама Бальбіна.
На выставе ў Пінску ў 1935 годзе яна атрымала за свае скульптуры залаты медаль. А славутая скульптура «Паляшучка з дзіцем» там была набытая і падараваная самому Юзафу Пілсудскаму на дзень нараджэння, які стаў для яго апошнім.
Таксама Бальбіна выстаўляла свае творы ў Брэсце, Кобрыне, Вільні, Кракаве, Варшаве. Да заходнебеларускага перыяду яе творчасці адносяцца і такія папулярныя ў свой час творы, як скульптуры славутага пінскага біскупа Казіміра Букрабы, жонкі Юзафа Пілсудскага — Марыі і цэлая галерэя вобразаў палешукоў.
А ў 1932-м яна стварыла і бюст Тадэвуша Касцюшкі. Яго тады паставілі на гранітным пастаменце, што застаўся ад помніка, усталяванага ў гонар стагоддзя вайны 1812 года. Колісь там быў бронзавы двухгаловы расійскі арол. Падчас Першае сусветнае вайны бронзавы манумент быў эвакуяваны ў Расію, а дыхтоўны пастамент застаўся. Больш за тузін гадоў Касцюшка паглядаў з яго на Кобрын. Але па вайне гэты бюст знялі з п’едэстала, схавалі ў камору Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя Суворава, а пасля адправілі ў запаснікі Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. Толькі ў 1988 годзе скульптурны партрэт Тадэвуша Касцюшкі заняў месца на пастаменце ля ўваходу ў школу вёскі Сяхновічы Жабінкаўскага раёна, колішняга радавога маёнтка Касцюшкі, дзе стаіць і па сёння. У колішнім будынку школы цяпер знаходзіцца раённы гісторыка-краязнаўчы музей.
Бюст Тадэвуша Касцюшкі ў Сяхновічах
У гэты перыяд да скульптаркі прыйшла вялікая слава. Ёй паступалі замовы з музеяў на партрэты кампазітараў, пісьменнікаў, гістарычных дзеячаў. У гэты ж час яна выйшла замуж за кобрынскага абшарніка Івона Відацкага. У Кобрыне ў Відацкіх нарадзіліся дочкі Львіта і Карына.
За творчыя дасягненні Бальбіне была прысуджана дзяржаўная прэмія для стажыроўкі ў Італіі, але з-за пачатку баявых дзеянняў паездка сарвалася. Падчас вайны скульптарка заставалася ў Кобрыне, дзе працягвала выкладаць у школе. У 1939—1941 гадах для Брэсцкага тэатра музыкі і драмы, што адкрыўся пасля далучэння горада да БССР, яна стварыла бюсты Чэхава і Станіслаўскага, для Мінскага сацыяльна-гістарычнага музея — бюсты Горкага і Чайкоўскага, для мінскай філармоніі — бюсты Шапэна і Бетховена. Падчас нямецкае акупацыі Бальбіна спрычынілася да ратавання яўрэяў з кобрынскага гета.
У 1944 годзе Відацкія пераехалі ў Польшчу. Напярэдадні развітання скульптарка дарыла сябрам і суседзям свае творы. Гэтак у Кобрыне засталася часцінка яе самой.
У Польшчы сям’я пасялілася ў мястэчку Выжыск, дзе мастачка працавала ў аддзеле культуры. Затым Відацкія пераехалі ў Брадніцу, а ў 1954-м — у Ольштын, дзе Бальбіна правяла рэшту свайго жыцця. Ольштын стаў для яе месцам найбольш плённае працы. Там яна стварыла, у прыватнасці, бюст Адама Міцкевіча, свой самы вядомы твор, які ўсталяваны перад ольштынскім ліцэем на плошчы, што названая ў гонар паэта. Таксама Бальбіна вырабіла некалькі скульптур для тамтэйшага старасвецкага парка Падзамачча, сярод якіх — славуты фантан з кампазіцыяй «Рыба з дзіцем», што стаў сімвалам Ольштына. Мадэллю для гэтай скульптуры паслужыў унук мастачкі Каміль Салярскі. Яшчэ адзін яе славуты твор у Ольштыне — скульптура «Вясна», што стаіць у Замкавым парку над рэчкаю Лінай.
Свідыч-Відацкая ў Ольштыне
Агулам у творчым даробку Бальбіны — больш за тысячу скульптурных твораў! Іх можна ўбачыць у розных гарадах і мястэчках Польшчы. У творчай біяграфіі мастачкі было больш за сем дзясяткаў выстаў у розных краінах, у тым ліку на Бацькаўшчыне. Да яе другога, польскага, перыяду творчасці, апроч згаданага помніка Міцкевічу, адносяцца такія творы, як помнік мазурскаму паэту Міхалу Кайку ў горадзе Элк, манументальныя скульптуры «Рыбалоўства» і «Земляробства» у старажытным ольштынскім прадмесці Кортаў, фантанная выява Баклана каля акадэмічнай кнігарні ў Ольштыне, бюсты літаратараў Генрыка Сянкевіча, Канстанціна Ільдэфонса Гальчынскага, Марыі Радзевіч, філосафа Тадэвуша Катарбінскага ды іншых, што ўсталяваны ў розных польскіх гарадах.
Бальбіна Світыч-Відацкая пакінула гэты свет у 1972 годзе. На будынку рэктарата Вармінска-Мазурскага ўніверсітэта, дзе была яе майстэрня, усталявана памятная табліца. У галоўных мастацкіх музеях Польшчы захоўваюцца творы мастачкі. Тамсама, у Ольштыне, яе імя далі адной з вуліц.
Скульптура «Рыба з дзіцем» — адна з візітовак Ольштына
А ў Беларусі гэтае імя амаль забытае. Хоць застаўся ў Кобрыне старасвецкі дом пры вуліцы Чырвонаармейскай, што належаў колісь Відацкім, будынак, дзе была майстэрня Бальбіны, школа, у якой яна спачатку вучылася, а затым і выкладала, а ў Брэсце яшчэ стаіць гмах колішняе гімназіі імя Траўгута. У кобрынскім музеі зберагаецца адзіная ў горадзе, цудам ацалелая праца Бальбіны — выява хлопчыка, а ў Сяхновічах — выдатны бюст герою Тадэвушу Касцюшку.
Сустрэнемся а сёмай. Шпаргалкі для тых, хто імкнецца гаварыць па-беларуску
Гэта чарговы выпуск праекта, у межах якога мы вырашылі паклапаціцца пра тых нашых грамадзян, якія хочуць гаварыць па-беларуску, але па нейкіх прычынах гэтага не робяць: бянтэжацца або думаюць, што пасля школы ўсё цалкам забыліся. Прапануем вашай увазе серыю шпаргалак, мэта якіх — аднавіць веды і дапамагчы пачуваць сябе ўпэўнена пры карыстанні беларускай мовай у розных жыццёвых сітуацыях.
Кожны выпуск — гэта невялікая тэматычная падборка лексікі з прыкладамі ўжывання і некаторымі заўвагамі. Сённяшняя шпаргалка пра вымярэнне часу — у рамках гадзіны, тыдня, года. Матэрыял узгоднены з Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Карыстайцеся на здароўе.
Дзесяць простых пытанняў і адказаў пра беларускую мову
Як шмат пытанняў выклікае спалучэнне слоў «беларуская мова»… А колькі ж гадоў гэтай мове? Можа, яе прыдумалі пісьменнікі пачатку ХХ стагоддзя? А ці самастойная гэтая мова? Адкуль яна з’явілася і хто на ёй размаўляў? Ці захаваліся старажытныя тэксты на ёй?.. Дзесяць простых пытанняў і адказаў пра беларускую мову — у праекце Onliner «Пашпарт грамадзяніна».
Іван Луцкевіч збіраў даўніну тады, калі гэта яшчэ не было мэйнстрымам. Гісторыя топавага калекцыянера
У пачатку мінулага стагоддзя Іван Луцкевіч быў адным з самых выбітных беларускіх дзеячаў. Ён актыўна ўключыўся ў палітыку, выдаваў у Вільні беларускамоўныя выданні, але адной з галоўных спраў ягонага жыцця было калекцыяніраванне. Іван Луцкевіч рупліва збіраў прадметы беларускай даўніны, якія ў будучыні сталі часткай экспазіцыі буйных музеяў. У цяжкія хвіліны ён мог пашкадаваць грошы сабе на вячэру, але ніколі не скупіўся, калі справа тычылася каштоўных прадметаў беларускай даўніны. Пра гэтую цікавую праяву жыцця Луцкевіча ў межах праекта «Пашпарт грамадзяніна» расказвае гісторык мастацтва Зміцер Моніч.
Першую калекцыю пачаў збіраць у трэцім класе
Іван альбо Ян Герман Луцкевіч нарадзіўся 9 чэрвеня 1881 года ў горадзе Шаўлі, які сёння знаходзіцца на тэрыторыі Літвы. Яго бацька Ян Баляслаў быў вайскоўцам, працаваў чыноўнікам на Лібава-Роменскай чыгунцы. Ён паходзіў са старажытнага роду, а маці, Соф’я Лычкоўская, — з небагатай шляхецкай сям’і. Наш герой меў чатырох сясцёр і двух братоў.
З той прычыны, што бацька працаваў на чыгунцы, сям’я шмат падарожнічала і ў 1887-м пераехала ў Лібаву, сучасную латвійскую Ліепаю, дзе праз тры гады Іван пачынае наведваць Мікалаеўскую гімназію. Яшчэ з першых гадоў навучання ў гімназіі Іван захапіўся археалогіяй і пад уплывам выкладчыка гісторыі і геаграфіі Шэйна зацікавіўся гісторыяй. Ужо ў трэцім класе стаў збіраць калекцыю старых манет.
У 1895-м сям’я Луцкевічаў пераязджае ў Мінск. Іх дом знаходзіўся на тэрыторыі сучаснага парка Янкі Купалы, на былой вуліцы Садовай. Але, каб не перарываць навучанне ў гімназіі, Іван застаўся ў Лібаве. Праўда, праз два гады з-за смерці бацькі ён усё ж такі пераязджае ў Мінск, дзе паступае ў пяты клас класічнай гімназіі. Падчас вучобы знаёміцца з вядомым гісторыкам, археолагам, калекцыянерам Генрыкам Татурам і пісьменнікам Казімірам Кастравіцкім, які больш вядомы пад псеўданімам Карусь Каганец. Менавіта Татур і Кастравіцкі паўплывалі на станаўленне беларускай свядомасці Луцкевіча. Наогул трэба сказаць, што падчас навучання і ў Мікалаеўскай гімназіі, і ў мінскай пачынаецца фарміраванне яго як беларуса. Калі ён навокал бачыў, як асобна гуртаваліся палякі, літоўцы, латышы, ён разумеў, што сам і не літовец, і не паляк. У гэты час ён пачынае ўсведамляць, што беларусы хоць і падобныя нечым да літоўцаў і палякаў, але з'яўляюцца асобным народам.
Падчас вучобы ў Пецярбургу трапіў у турму
У Мінску толькі працягвае ўзрастаць цікавасць Луцкевіча да старажытных рэчаў, і пад уплывам таго ж самага археолага Татура ён павялічвае сваю калекцыю. Само гэта знаёмства стала для яго стымулам, каб больш развівацца ў археалогіі, і Луцкевіч прымае рашэнне паступаць у Санкт-Пецярбург адначасова ў Імператарскі ўніверсітэт на юрыста і ў Археалагічны інстытут. Падчас навучання ў Пецярбургу збор старажытнасцей Івана Луцкевіча ўвесь час папаўняўся за кошт археалагічных раскопак і этнаграфічных вандровак, у якіх ён сам прымаў удзел. То-бок быў не проста калекцыянерам, але і непасрэдна шукаў і здабываў прадметы для калекцыі.
Падчас вучобы ў Санкт-Пецярбургу ён апынуўся ў сумнавядомай вязніцы «Крыжы», дзе знаходзіўся ў аддзяленні хворых на сухоты. Гэтая фатальная хвароба суправаджала яго на працягу ўсяго жыцця і ў будучыні стала прычынай ягонай смерці.
Іван Луцкевіч першы злева
Пасля заканчэння Археалагічнага інстытута Луцкевіч накіроўваецца ў Вену, дзе працягвае навучанне пад кіраўніцтвам прафесара Ватраслава Ягіча. І ў Вене ён знаёміцца з дзеячамі ўкраінскага нацыянальнага руху, пасля пераязджае ў Львоў, дзе сустракаецца са стаўпом украінскага адраджэння — уніяцкім мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім. Іх зблізіла агульная цікавасць да археалогіі і царкоўнай уніі. Іван Луцкевіч дасылае прадметы, звязаныя з уніяй, Украінскаму царкоўнаму музею ў Львоў. Некаторыя рэчы ён дарыў, некаторыя прадаваў. Іх сабралася такая колькасць, што ў музеі нават стварылі асобны беларускі аддзел.
У 1906 годзе ў Мінску адбыўся замах на губернатара Курлова. Браты Луцкевічы былі знаёмыя з арганізатарамі. Гэта іх скампраметавала, вымусіла перайсці на нелегальнае становішча і ўвогуле пакінуць Мінск, пераехаць у Вільню. І з 1906 года пачынаецца віленскі перыяд жыцця Івана Луцкевіча.
За грошы з продажу калекцыі фінансаваў беларускамоўныя газеты
Адразу пасля пераезду ў Вільню за сродкі ад продажу калекцыі ордэнаў пачала выходзіць газета «Наша доля», пазней — «Наша Ніва». І дзейнасць усёй рэдакцыі «Нашай Нівы» падтрымлівалася толькі дзякуючы фінансаванню Луцкевіча. Дзеля гэтага ён прадаваў дублікаты з уласнай калекцыі, а таксама тыя рэчы, што не мелі вялікай каштоўнасці для Беларусі. У гэты час ён арганізоўвае сетку карэспандэнтаў газеты «Наша Ніва», запрашае да супрацоўніцтва Максіма Гарэцкага, Янку Купалу, Максіма Багдановіча і іншых.
Трэба адзначыць, што ў памяшканні рэдакцыі, якая месцілася на вуліцы Завальнай, адзін з пакояў быў адмыслова вылучаны пад калекцыі старажытнасцей. Ужо ў тыя часы калекцыя выконвала вельмі важную функцыю. Яна выступала ў ролі прапагандыста гісторыі Беларусі сярод інтэлігенцыі, натхняла пісьменнікаў, што гуртаваліся вакол газеты. Тут можна працытаваць словы Змітрака Бядулі, які наведваў рэдакцыю. Калі ўбачыў калекцыю Луцкевіча, Бядуля напісаў наступнае: «Святое гэтае месца».
Музей Луцкевіча ў Вільні
Паралельна з дзейнасцю ў рэдакцыі ён праводзіў навукова-даследчую працу па вывучэнні археалогіі і гісторыі Беларусі, працягваў павялічваць свой збор — калекцыю не толькі археалагічных прадметаў, але і ордэнаў, медалёў і гэтак далей.
Варта сказаць, што Луцкевіч быў не проста калекцыянерам. Збіранне старажытнасцей стала мэтай ягонага жыцця. Гэта праяўлялася ў тыя моманты, калі ён у прамым сэнсе паляваў на некаторыя каштоўныя рэчы, звязаныя з беларускай гісторыяй і культурай. Калі Луцкевіч даведваецца пра існаванне ў Кракаве аднаго з асобнікаў Статута Вялікага княства Літоўскага, надрукаванага на старабеларускай мове, ён нелегальна перасякае мяжу Расійскай імперыі і Аўстра-Венгрыі, пераязджае ў Кракаў, набывае Статут і такім жа чынам, нелегальна, разам са Статутам вяртаецца ў Вільню.
Мог пашкадаваць грошы на вячэру, але толькі не на цікавы экспанат
Пераход прыватнай калекцыі ў паўнавартасны музей адбываецца ў неспрыяльных для гэтага ўмовах: тады тэрыторыя Заходняй Беларусі знаходзілася пад нямецкай акупацыяй падчас Першай сусветнай вайны. У гэты нялёгкі час, калі быў дэфіцыт прадуктаў, грошай, шматлікія калекцыянеры і людзі, што валодалі сямейнымі рэліквіямі, пачынаюць іх прадаваць. Гэтым карыстаецца Луцкевіч і выступае не толькі як пакупнік, але і як эксперт — дапамагае ацэньваць прадметы мастацтва і гісторыі.
Пра дзейнасць Луцкевіча ў перыяд акупацыі згадвае ў сваіх успамінах Юліяна Мэнке. Яна піша, што па-за арганізацыйнымі справамі Луцкевіч увесь час рыскаў па горадзе. І на ўсе просьбы, каб менш насіцца па Вільні, заўсёды адказваў: «Ваўка ногі кормяць». Дзе ён толькі не бываў і каго толькі не ведаў! Фактычна ва ўсіх старых дворыках Вільні ён быў знаёмы з тымі, хто нешта прадаваў.
У той момант расійскія рублі выйшлі з ужытку, банкі былі эвакуіраваны, а нямецкія акупацыйныя грошы, якія называліся остамі, таксама рэдка трапляліся тым, хто не меў працы. Праз гэта людзі і збывалі антыкварныя рэчы. Немцы ахвотна выкупалі іх і звярталіся да Луцкевіча, каб дапамог ацаніць. Той быў экспертам. З гэтай нагоды да яго таксама прыходзілі яўрэі, якія валодалі антыкварнымі салонамі, па разумным кошце аддавалі яму прадметы, што цікавілі яго.
Бюст Луцкевіча выканаў мастак і скульптар Рафал Яхімовіч
Згадвалі, што для сябе ён шкадаваў кожную марку, але для музея, каб набыць новы прадмет, ён нічога не ашчаджаў. Пра гэта таксама сведчыць выпадак, які апісвае гаспадыня Пятруся, што працавала на кватэры ў братоў Луцкевічаў, гатавала ім ежу і дапамагала па гаспадарцы. Аднойчы яна дала Івану Луцкевічу грошы, каб ён па дарозе зайшоў да яе сваячкі і набыў саланіну, прывезеную з вёскі. Падчас вайны гэта быў вялікі дэфіцыт. Але вярнуўся ён з пустымі рукамі — без саланіны і без грошай. Але пры гэтым Луцкевіч хваліўся, што па дарозе знайшоў вельмі рэдкі рукапіс, які і набыў для сваёй калекцыі. У выніку на вячэру ўсе елі сухі хлеб.
Як я ўжо казаў, станаўленне музея адбываецца ў канцы нямецкай акупацыі. 26 студзеня 1918 года на адпаведнай канферэнцыі ў Вільні было абвешчана аб стварэнні Беларускага навуковага таварыства. Першым старшынёй быў абраны барон Казімір Шафнагель, а намеснікам яго — Іван Луцкевіч. І адным з самых актуальных пытанняў для таварыства было захаванне збору старажытнасцей Луцкевіча, які ён перадаў у дар навуковаму таварыству. Само ж таварыства не мела свайго памяшкання і не магло фактычна прыняць гэты каштоўны дар, арганізаваць адпаведнае захаванне.
Луцкевіч не спыняе і сваю асветніцкую дзейнасць. У маі 1918 года разам з нямецкім археолагам Альбертам Іпелем ён ладзіць у Вільні выставу старажытнасцей, дзе прадстаўляе прадметы з уласнага збору і з прыватных калекцый. Ужо восенню найлепшыя экспанаты адправілі ў Мінск, дзе арганізавалі выстаўку ў яшчэ большых памерах.
Ствараючы ўласную калекцыю, Луцкевіч перш за ўсё меў на мэце сабраць тыя матэрыялы, якія дапамогуць і ўвогуле дадуць яўнае бачанне матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа, яго мастацтва. Ён збіраў у асноўным тое, што адлюстроўвала народнае мастацтва, вартае калекцыі. Таксама праз свой збор ён хацеў паказаць непарыўную сувязь Беларусі і ВКЛ.
Пасля ягонай смерці музей працягнуў сваю дзейнасць
Іван Луцкевіч памёр 20 жніўня 1919 года ў санаторыі непадалёк ад польскага горада Закапанэ. Там і быў пахаваны, але з ягонай смерцю не скончылася гісторыя музея, а пачаўся новы этап збірання старажытнасцей. Ужо ў 1921 годзе ў Вільні Беларускае навуковае таварыства ў мурах былога базыльянскага кляштара на аснове гэтай калекцыі стварае музей, які атрымаў назву Віленскі беларускі музей Івана Луцкевіча. Знайсці месца для стварэння кампазіцыі было даволі складана, бо таварыства не мела фінансавання. І толькі дзякуючы дазволу праваслаўнага духавенства на бясплатнае выкарыстанне памяшканняў былога кляштара з’явілася падобная магчымасць. Пасля пераезду ў базыльянскія муры супрацоўнікі музея наладзілі працу па сістэматызацыі і каталагізацыі калекцыі Луцкевіча. І варта сказаць, што тыя прадметы, якія ён знаходзіў, трэба было вывучаць, праводзіць іх атрыбуцыю, вызначаць аўтарства жывапісных ды графічных твораў і тое, ці адпавядае калекцыя таму перыяду, пра які казалі прадаўцы.
Таксама ў музеі пачынаюць з’яўляцца экспанаты, набытыя таварыствам альбо ахвяраваныя прыватнымі асобамі. Аднак тое, што набывалася, было малой часткай музейнага збору. Асновай і надалей заставалася калекцыя Луцкевіча.
У 1937 годзе дырэктар музея Антон Луцкевіч запаўняе анкету, дзе апісвае стан музея. У адпаведнасці з ёй у калекцыі знаходзілася 4228 прадметаў, з іх у пастаяннай экспазіцыі — толькі 1511. Сам збор музея Антон Луцкевіч падзяляе на наступныя калекцыі: этнаграфія, выяўленчае мастацтва, скульптура, мастацкія промыслы, нумізматыка, археалогія і бібліятэка з архівам. Трэба сказаць, што сярод музейных прадметаў калекцыі можна вылучыць найперш жывапісныя палотны Францішка Смуглевіча, Яна Рустэма, Кануція Русецкага, Івана Трутнева, Юзэфа Пешкі, Пятра Сергіевіча, Язэпа Драздовіча і шматлікіх іншых. У музеі была вялікая колькасць партрэтаў беларускай шляхты, аўтарства якіх не было вызначана, а таксама калекцыя абразоў невядомых майстроў і сакральнай скульптуры з касцёлаў і цэркваў.
Сярод рукапісаў і старадрукаў у калекцыі Луцкевіча вылучаліся такія рарытэтныя выданні, як Жухавіцкае евангелле 14-га стагоддзя, Аль-Кітаб, які паходзіў з вёскі з-пад Вільні. Луцкевіч, дарэчы, быў адным з першых, хто заняўся непасрэдна вывучэннем Аль-Кітабаў — кніг, якія на тэрыторыі Беларусі пісаліся арабскай вяззю, але менавіта на беларускай мове. То-бок беларуская мова перадавалася не кірылічным напісаннем, не лацінкай, а арабскай вяззю. Таксама ў бібліятэцы знаходзіўся Статут ВКЛ, пра які ўжо казалі. Там таксама былі выданні краёвых і замежных крыніц 18—20-га стагоддзяў, а яшчэ частка збораў гісторыка Еўдакіма Раманава і ўдзельніка беларускага руху Барыса Даніловіча.
Музей праіснаваў да 1939-га, а 19 верасня таго ж года ў Вільню ўвайшлі савецкія войскі, арыштавалі дырэктара музея Антона Луцкевіча. Пэўны час музей быў зачынены. Падчас акупацыі немцаў дзейнасць аднавілі, прызначылі новы склад супрацоўнікаў. У канцы 1944 года нямецкія ўлады загадалі вызваліць будынак, а калекцыю перавезці ў іншае месца. Частка найбольш значных экспанатаў, паводле сведчанняў сучаснікаў, схавалі ў сутарэннях касцёла Святога Міхаіла Арханёла ў Вільні, дзе служыў вядомы дзеяч беларускага адраджэння ксёндз Адам Станкевіч.
Пасля вызвалення Вільні калекцыю вырашана было размеркаваць паміж Літвой і Беларуссю. Для гэтага стварылі камісію, якая падзяліла ўвесь збор на чатыры часткі. І вось гэтая працоўная група па ліквідацыі музея вызначыла, што прадметы, якія адносяцца да літоўскага і адначасова беларускага народаў, пакідаюць у Літве. Беларусі перадалі, адпаведна, тое, што тычылася беларусаў, і частку таго, што наогул не адносілася да двух народаў.
Зборы Луцкевіча можна ўбачыць у Мінску
Сучаснікі апісвалі, што на той момант падзяляць калекцыі на пэўныя групы было вельмі складана і больш каштоўныя прадметы засталіся ў Вільні, былі перададзены ў архівы, бібліятэкі, музеі. У Беларусь патрапіла толькі малая частка. Пэўны час яна знаходзілася ў музеі Вялікай Айчыннай вайны, але ў 1950-я гады яе пачалі перадаваць у іншыя фонды. Сёння прадметы з калекцыі музея імя Івана Луцкевіча знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага і Нацыянальнага гістарычнага музеяў, музеяў Вялікай Айчыннай вайны, Янкі Купалы, а кніжныя выданні можна пабачыць у зборах бібліятэк — Нацыянальнай, Прэзідэнцкай і Акадэміі навук.
Пасля смерці Луцкевіча ў Закапанэ Юліяна Мэнке, якая непасрэдна прысутнічала пры ім у апошнія хвіліны ягонага жыцця і на пахаванні, у сваіх успамінах напісала наступнае: «Калі Бог дазволіць перавезці цела Івана ў Вільню, то я яму на камні накажу зрабіць надпіс, як рабілі першыя хрысціяне ў катакомбах сваім дарагім памершым: „Іване, ты жывеш!“». І трэба сказаць, што сапраўды Іван і сёння жыве з намі. Ён жыве праз тую калекцыю, прадметы, якія назбіраў, і мы з вамі можам іх бачыць штодня ў пастаяннай экспазіцыі музеяў.
Гісторыя Мая Данцыга і яго пейзажа, які бачыў кожны мінчук
Калі выбраць аднаго мастака, чыя творчасць непарыўна знітавана з жыццём Мінска, адразу прыгадваеш славутага Мая Данцыга. Ён, безумоўна, ствараў партрэты і пейзажы, ездзіў па сюжэты ў далёкія вандроўкі, але добрую частку сваёй творчай спадчыны прысвяціў роднаму і ўлюбёнаму Мінску.
На ягоных вялікіх палотнах ажываюць мінскія праспекты, вуліцы, Нацыянальная бібліятэка (побач з якой яшчэ растуць сады, а не бетонныя гмахі), плошча Перамогі. Аднак, бадай, самы вядомы твор майстра — «Мой горад старажытны, малады» з відам на даўнюю Нямігу. У чарговым падкасце мастацтвазнаўца Кацярына Ізафатава тлумачыць, чаму гэтая карціна ўнікальная, у чым яе вартасць і з якой нагоды Данцыг так любіў пісаць гарадскія сюжэты.
Што такое суворы стыль і навошта ён быў Данцыгу?
Сённяшняя размова прысвечана Народнаму мастаку Беларусі Маю Вольфавічу Данцыгу. Ягоная творчасць сапраўды стала яскравай старонкай і заўважнай з’явай у жывапісе. Экспрэсіўныя, маштабныя, шматфігурныя кампазіцыі (а ён майстар пераважна вялікіх фарматаў для музейных паказаў), партрэты заўважных дзеячоў — усё гэта характарызуе эпоху і выклікае нязменны інтарэс у аматараў мастацтва. Але, напэўна, для шырокага кола гледачоў без Данцыга немагчыма сабе ўявіць мастацкі вобраз Мінска другой паловы мінулага стагоддзя. Я ўпэўнена, што жыхары сталіцы добра сабе ўяўляюць ягоную працу «Мой горад старажытны, малады», якая з’яўляецца музейнай візітоўкай мастака і ўпрыгожвае пастаянную экспазіцыю Нацыянальнага мастацкага музея.
Знакаміты Данцыг не толькі таму, што стварыў мастацкі партрэт горада. Ён належыць таму пакаленню мастакоў-шасцідзясятнікаў, якія фарміравалі шчыры і праўдзівы погляд на падзеі Вялікай Айчыннай вайны, якія асабіста ведалі, што гэта такое. Хто як франтавік, а хто як дзіця. Уласна тэма вайны паварочвала мастацтва ў 1960-х ад штампаў сацрэалізму да рэалізму. Гэта быў перыяд хрушчоўскай адлігі, які вывеў у авангард мастацтва яшчэ зусім маладых мастакоў, заснавальнікаў так званага суворага стылю. Гэта быў сапраўды цікавы час. Адліга — яна дваякая, і калі ахарактарызаваць яе двума словамі, гэта будзе перыяд траўмы і аднаўлення. З аднаго боку, адліга — гэта новы аповед пра вайну: праўдзівы, жорсткі, трагічны і страшны, а з іншага — час неверагоднага ўздыму, адчуванне радасці, бестурботнасці і лёгкасці.
«Мінск. Плошча Перамогі» (1972)
Перад савецкім у гэты час гледачом прыадкрываюць і заходнееўрапейскае мастацтва, бо ў другой палове 1950-х адбывалася інтэрвенцыя замежнага мастацтва ў Маскве. Адбываецца шмат выстаў, праходзіць Міжнародны фестываль моладзі 1957 года, куды прывозяць амерыканскіх абстрактных экспрэсіяністаў. Гэта, зразумела, не азначае, што абстракцыя і другія забароненыя мастацкія з’явы прысутнічаюць на мастацкай сцэне, аднак у мастакоў з’яўляецца магчымасць гаварыць зусім па-іншаму, з другой інтанацыяй. Гэта быў фенаменальны росквіт мастацтва, які вызваліў творчы патэнцыял. Цудоўны выбух у кіно, мастацтве не мог адбыцца без зменаў у грамадскім жыцці. Адліга — гэта час, калі Савецкі Саюз, закрытая краіна, пачаў прыадкрывацца свету і ў Маскве пачалі з’яўляцца замежнікі з розных куткоў свету. Гэта час, калі паказваюць каштоўнасці Дрэздэнскай галерэі, калі адкрываецца музей абразоў. Увесь час нешта адкрывалася. Сышоў снег, і з’явілася новая савецкая культура.
У супрацьвагу пафасным працам, зробленым па афіцыйных канонах, мастакі імкнуліся адлюстраваць жыццё сваіх сучаснікаў без прыкрас і помпы. Аказалася, што не бывае румяных рабочых. Яны насамрэч брудныя, стомленыя, а натоўп — шэры і бледны. І было б няпраўдай пісаць іначай. Гэта грубая непадфарбаваная рэчаіснасць, без ілжы. Вось ён суворы стыль. І сярод яго пачынальнікаў у беларускім мастацтве разам з Міхаілам Савіцкім, Віктарам Грамыкам, Леанідам Шчамялёвым быў, безумоўна, Май Данцыг.
Мастак, які перадаў дыханне нашай сталіцы
Важнай тэмай у творчасці Данцыга стаў вобраз горада. І гэта зразумела, бо 1960-я — гэта час буйнога будаўніцтва: узнікалі новыя гарады, людзі масава перасяляліся з камуналак у асобныя кватэры. Горад заяўляе пра сябе як публічная прастора, у якой ты рэалізоўваеш сябе, чытаеш вершы, танцуеш. І горад робіцца адным з герояў у той перыяд. А ў кожнага вялікага горада, безумоўна, ёсць свой мастак. І для Мінска майстрам, які здолеў перадаць дыханне сталіцы, шырокія перспектывы, панарамы, рытмічны характар гарадскога жыцця, стаў Май Данцыг. Ён нібы даследчык абышоў увесь горад. Калегі жартавалі, што сказаць нешта новае і арыгінальнае пра Мінск пасля Данцыга амаль немагчыма. Адкуль такі піетэт да Мінска? Магчыма, гэта абумоўлена тым, што мастак — карэнны мінчук. А магчыма, і тым, што горад штодня мяняе свой выгляд, і Данцыг імкнуўся адлюстраваць кожны матыў, які можа знікнуць. І менавіта ў такім рэчышчы бачыцца манументальны гарадскі пейзаж «Мой горад старажытны, малады». Гэта не толькі яскравы, маляўнічы партрэт горада. Гэта мастацкі дакумент эпохі, які адлюстроўвае дух часу.
«Мінск старажытны, малады» (1972)
Від на Мінск на гэтай карціне адкрываецца з высокага пагорка. Данцыг імкнуўся паказаць горад з усіх бакоў, намагаўся перадаць рух і дынаміку гарадскога жыцця. Гэты кінематаграфічны эфект быў дасягнуты пры небяспецы для жыцця. «Туды нельга!» — крычалі будаўнікі адважнаму мастаку, які ўскараскаўся на самых верх будоўлі Белпрампраекта, каб убачыць прадстаўленую на палатне грандыёзную панараму Мінска. Уражанні ад убачанага і сталі асновай карціны. Мастаку было ўласціва маляваць свой горад з самых незвычайных месцаў, якія недасяжныя для звычайнага пешахода. Маюцца на ўвазе вышынныя будынкі і дахі дамоў. Менавіта адтуль, на думку Данцыга, адкрываюцца цудоўныя віды на магістралі і вуліцы, рытм жыцця вялікага горада.
На карціне «Мой горад старажытны, малады» адлюстраваны гістарычны цэнтр Мінска
Кампазіцыя гэтага палотнішча ўключае амаль увесь гістарычны цэнтр горада. Гэта і будынак Тэатра оперы і балета, і Верхні горад з дамінантай сабора Сашэсця Святога Духа, і вуліца Камуністычная з тэлевежай, і аб’екты, якія яшчэ толькі будуюцца. Перад намі паўстае дынамічны, энергічны Мінск, і мастак адначасова нібыта зацягвае нас у мінулае, у сучаснае і ў будучае. Мастак імкнецца паказаць развіццё вобраза ў часе і ў прасторы, у шматслойнасці гістарычных пластоў. Напрыклад, карціна Данцыга паказвае аблічча архітэктурнай пабудовы, якая не захавалася да нашых часоў. Маецца на ўвазе старадаўняя халодная сінагога, якая знаходзілася на вуліцы Школьнай у пачатку Нямігі. Паводле архіўных крыніц, гэты будынак быў узведзены яшчэ ў канцы XVI стагоддзя. Але ў сярэдзіне 1960-х у сувязі з рэканструкцыяй горада сінагогу знеслі, і Данцыг пісаў яе па памяці, бо сама карціна датуецца 1972 годам. Мастак прыгадваў, што моцныя сцены будынка захаплялі яго ў юнацтве і нагадвалі яму сярэднявечную крэпасць.
Многія архітэктурныя будынкі, якія можна пабачыць на гэтай карціне, таксама ўжо змянілі свае абрысы. Напрыклад, кафедральны сабор сёння таксама выглядае крышачку іначай. На ягоным фасадзе ў сярэдзіне 1990-х з’явілася мазаіка з выявай Багародзіцы, якая здавён была апякункай Мінска. Таму невыпадкова вобраз Дзевы Марыі паказаны на гербе нашай сталіцы.
Не здзіўляйцеся, калі ўбачыце ў творы актора Юрыя Саломіна
Дакументальнасць у карціне перадаецца і з дапамогай спецыфічнага пластычнага эксперымента. Так, на месцы сучаснага метро можна пабачыць рэкламныя плакаты, на якіх прапісаныя фарбай дэталі суседнічаюць з нежывапіснымі элементамі — афішамі, фотапартрэтамі вядомых актораў. Калі прыгледзецца, можна ўбачыць фота Юрыя Саломіна, спартоўцаў. Усё гэта выразана з тагачасных газет, часопісаў і наклеена на фарбавы слой. Злучэнне жывапісу з фота стварае ілюзію поўнай дакладнасці і дазваляе мастаку зрабіць выяву больш вострай і праўдзівай. І гэтае выкарыстанне калажу стала характэрнай асаблівасцю многіх прац Данцыга. У карціне «Мой Мінск», напісанай у 1967 годзе, таксама можна заўважыць выкарыстанне гэтага метаду.
Мы бачым вялікі горад, які аднаўляецца, вялікую колькасць будаўнічай тэхнікі: краны, самазвалы, якія перавозяць блокі панэльных дамоў і пясок. Гэта паэтычны вобраз сучаснасці, новага жыцця. І, нягледзячы на тое, што Мінск паказаны далёка не ў летні ці вечаровы дзень, мы адчуваем яго радаснае гучанне, якое мастак дазваляе нам адчуць з дапамогай так званых вітамінаў. Ён сам выкарыстоўваў гэты тэрмін, кажучы: «Не бойцеся вітамінаў — яскравых і сакавітых фарбаў». Чырвоны стварае святочны настрой, сіні перадае адчуванне імклівасці рухаў, а белы запаўняе прастору паветрам. Нават машыны Данцыг расфарбоўвае ў яркія колеры. Атрымліваюцца дзіцячыя машынкі, хаця ёсць дакументальныя пацверджанні таго, што падобныя насамрэч былі. У 1957 годзе на фестывалі моладзі ў Маскве нехта загадаў пафарбаваць кракадзілава-зялёныя маскоўскія самазвалы ў жоўты і ружовы колеры. Магчыма, Данцыг, калі быў студэнтам у Маскве, падобнае заўважыў.
Карціна, якую чыноўнікі ледзь не знялі з выставы
Тэма сучаснасці, вобраз новага чалавека, які будуе сваю будучыню, свой горад, — гэта знакавая тэма для творчасці Данцыга і мастакоў-шасцідзясятнікаў. Галоўнымі героямі ў мастацтве, кіно і літаратуры становяцца маладыя вучоныя, студэнты, рабочыя. І звязана гэта было з прыходам новага пакалення — дзяцей вайны. Яны не лічылі для сябе прымальнымі стэрэатыпы 1940-х. Інтарэс да праўды прымусіў іх звярнуцца да натуры, паўсядзённасці. Гэта становіцца тэмай іх творчасці. І Данцыг — гэта сапраўды той мастак, што адлюстроўваў свой час.
«Навасёлы» (1962)
З 36 карцін майстра, якія захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, ёсць адна, якая асаблівым чынам зачароўвае аматараў мастацтва. Гэта «Навасёлы», напісаныя ў 1962 годзе. Хутчэй за ўсё, муж і жонка, самотныя чамаданы і бязмежная прастора пафарбаванай падлогі — гэта ўсё, што спатрэбілася мастаку для стварэння простай формулы раптоўнага шчасця. Карціну Данцыг напісаў у разгар рэформ адлігі. Насамрэч аповед пра шчаслівых навасёлаў быў папулярнай тэмай у пасляваенным мастацтве. Дастаткова прыгадаць вядомыя і ўлюбёныя кінастужкі «Вясна на зарэчнай вуліцы» Марлена Хуцыева, «Дзяўчаты» Юрыя Чулюкіна і ўжо пазнейшыя «Пакроўскія вароты» Міхаіла Казакова. Гэта шчаслівае здабыванне савецкім чалавекам свайго дому адлюстравала і выяўленчае мастацтва. У гэтым напрамку даволі шмат працавалі Юрый Піменаў, Аляксандр Лактыёнаў і другія. Гэтыя творы былі данінай свайму часу, бо дзяржава паставіла задачу пакончыць з недахопам жылля, і мастацтва пачало адлюстроўваць гэты працэс паскоранай урбанізацыі.
Аднак малады мастак, які толькі скончыў інстытут Сурыкава, знайшоў сваё ўвасабленне гэтай тэмы. Ён адмовіўся ад шматлікіх падрабязнасцей, характэрных для сентыментальнага жывапісу 1950-х, ад фікусаў, шафаў, кніжных паліц на карысць простай для рашэння кампазіцыі без прыкрас. У зусім новай кватэры на пафарбаванай падлозе сядзіць маладая пара. Няма стала, крэслаў — толькі голыя сцены. Кампанію сужэнцам ствараюць чамаданы, якія знаходзяцца ў другім кутку. І ніякага дробнага апісання — толькі пустая прастора з двума чалавекамі.
За гэтай знешняй простасцю палотнішча, якая валодае ўласцівасцямі кінакадра, глядач можа дадумаць тое, што, магчыма, адбудзецца ў наступнае імгненне: стомленыя крокі па лесвіцы пасля працы, гук малатка і дрыля, звон келіхаў з нагоды наваселля, смех і плач дзяцей. Чутна ўся вясёлка быцця. Наперадзе жыццё, маладосць і каханне.
Данцыг як мастак-манументаліст, разлічваючы на музейны паказ, абірае для гэтай звычайнай бытавой сцэны незвычайную і вострасацыяльную кампазіцыю. Ён змяшчае герояў не ў цэнтры палатна, а ў правым верхнім куце, падлога пры гэтым займае ўсю цэнтральную частку твора. Дамінуе інтэнсіўны чырвоны колер, амаль асляпляльныя бялілы, пакладзеныя мастыхінам, плямы жоўтага дадаюць звонкі і эмацыйны каларыт. Але трэба адзначыць, што за гэты мінімалізм Данцыг ледзь не паплаціўся. Яго абвінавацілі ў паклёпе на савецкую рэчаіснасць. Дзе вы бачылі босых людзей, у якіх няма ніякіх рэчаў? Працу нават хацеў зняць выставачны камітэт, аднак Данцыг, як рашучы і экспрэсіўны чалавек, на сваіх плячах занёс гэтую працу, якая памерам два на два метры, і адшліфаваў кампазіцыю як патрабавала камісія — дапісаў лакіраваныя жаночыя пантофлікі. На наступны дзень палатно прайшло цэнзуру. Праўда, пасля ён абутак зафарбаваў, каб вярнуцца да першапачатковага варыянту.
«Мой Мінск» (1967)
Пра карціну апублікавалі даволі добрую рэцэнзію ў часопісе «Творчасць», і палатно «Навасёлы» на многія гады стала творчай удачай мастака. Яно экспанавалася на ўсесаюзнай мастацкай выставе адразу пасля стварэння, і на творчым шляху Данцыга гэта быў яшчэ адзін упэўнены і праўдзівы аповед пра эпоху і людзей. А задумка нарадзілася як сінтэз уражанняў ад паездкі на цаліну і Сакалоўска-Сарбайскі рудны камбінат у Казахстане. Падобныя творчыя выезды былі даволі папулярнымі сярод мастакоў, і вынікам гэтай паездкі стала таксама карціна «У завадской сталоўцы», паказаная на рэспубліканскай выставе.
Былі і творчыя паездкі ў Салігорск, пасля чаго Данцыг стварыў серыю, прысвечаную гэтаму гораду. Гаворка пра паэтычныя навелы, у якіх адлюстраваліся характэрныя для таго часу памкненні ў будучыню. Можна сказаць, што Данцыг быў мастаком, які адлюстраваў свой час, прычым з пункту гледжання як сюжэтаў, так і новага падыходу да асэнсавання мастацкай формы. Гэта мастак суворага стылю, у якім ёсць грубы малюнак, спрошчаныя твары. Разам з тым Данцыг — мастак шалёнага тэмпераменту. Ягоныя творы — яркія песні з нервовай рытмікай і хваляваннем. Суворы стыль майстра вельмі артыстычны, і ў ім адчуваецца не толькі трагедыя, перажыванні, але і тое, што Мінск выжыў пасля вайны. Пісаць вайну можна па-рознаму — напрыклад, канстатаваць смерць і разбурэнні. Аднак у той жа час мастак здолеў паказаць вясну нязломнага горада. Здолеў дэклараваць жыццё і рух у сваёй творчасці.




























