Сообщество - Куток беларускай мовы

Куток беларускай мовы

168 постов 231 подписчик

Популярные теги в сообществе:

3

Дачка рэпрэсаванага настаўніка, якая ўратавала мастацкі музей. Гаворым пра Алену Аладаву

Алена Аладава — знакамітая дырэктарка Нацыянальнага мастацкага музея, якая літаральна па крупінках збірала калекцыю для галерэі пасля Другой сусветнай вайны. Яна з маладосці цікавілася мастацтвам, пісала пра яго ў перыёдыку, была экскурсаводам, а ў выніку ператварылася ў самага ўплывовага мастацкага функцыянера БССР. Каб пасля вайны стварыць нанава і ўзбагаціць якаснымі творамі музей, разрабаваны падчас акупацыі, Аладава разам з калектывам прыкладала велізарныя намаганні: вяла перамовы і задобрывала калекцыянераў, адпраўлялася ў экспедыцыі па Беларусі, пераконвала спявачку Лідзію Русланаву прадаць сваю цудоўную калекцыю менавіта ў Мінск. Нездарма з цягам часу за ёй замацавалася мянушка Беларускі Траццякоў. Пра тое, чым адметная асоба Аладавай і як яна занава стварыла мастацкі музей, у чарговым выпуску падкаста «Пашпарт грамадзяніна» расказвае даследчык Зміцер Моніч.

Вучылася на педагога, а стала дырэктарам мастацкага музея


Алена Васільеўна нарадзілася 22 мая 1907 года ў Пружанах у сям’і Васіля Пука і Алены Карпызавай. Пасля Першай сусветнай вайны бацька быў прызначаны інспектарам Парыцкага ўезда Бабруйскай акругі, дзе займаўся педагагічнай дзейнасцю. У Парычах Алена Пук скончыла школу другой ступені, пачала маляваць, спявала ў хоры, якім, дарэчы, кіраваў бацька. Там яна таксама наведвала драматычны гурток. У 1925-м памерла маці, праз некалькі год бацька ажаніўся з Браніславай Нарушэвіч і пераехаў у Жлобін, дзе працаваў намеснікам загадчыка чыгуначнай школы. Нечакана ў 1930 годзе яго арыштавалі, перавезлі ў Оршу і расстралялі па абвінавачанні ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. Толькі пасля ХХ з’езда КПСС бацька Алены Аладавай быў рэабілітаваны, але ўжо пасмяротна.


Пасля смерці маці і расстрэлу бацькі клопат пра вялікую сям’ю лёг на плечы Алены. Як старэйшая з чатырох дзяцей, яна была нянькай для брата і сясцёр. У прафесійнай дзейнасці дзяўчына працягнула традыцыю бацькоў і таксама пайшла ў педагогіку. Алена Васільеўна была адной з першых студэнтак адкрытага ў 1921 годзе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вучылася на прыродазнаўча-гістарычным аддзяленні педагагічнага факультэта і паралельна з вучобай працавала ў Беларускім дзяржаўным музеі ў якасці ілюстратара. То-бок ужо тады, у гады студэнцтва, пачынаецца яе станаўленне як музейнага супрацоўніка і нараджаецца яе сувязь з мастацтвам.


У адной з аўтабіяграфій Алена Васільеўна напісала, што сістэматычна наведвала вячэрнюю працоўную выяўленчую студыю пры Доме мастака па вуліцы Інтэрнацыянальнай у Мінску. Магчыма, з гэтай студыі і пачалося знаёмства з мастакамі і зацікаўленасць выяўленчым мастацтвам. Алена спрабавала сябе ў якасці экскурсавода і кансультанта на Першай усебеларускай мастацкай выставе творчых аб’яднанняў беларускіх мастакоў. Таксама друкавалася ў беларускай прэсе, пад псеўданімам Аглядач выходзілі яе невялікія агляды ў часопісе «Прамень».


У 1928-м пасля заканчэння ўніверсітэта Алена Пук выйшла замуж за кампазітара Мікалая Аладава, нашчадка старога пецярбургскага шляхецкага роду. Трэба адзначыць, што ў 1920-я гады рэгістрацыі шлюбаў не надавалі ўвагу. Гэта лічылася буржуазным перажыткам, і афіцыйна шлюб Аладавых быў зарэгістраваны толькі ў 1943-м у Саратаве, калі яны былі ў эміграцыі падчас вайны. Але з першых дзён шлюбу, з 1928 года, Пук называла сябе менавіта Аладавай. У сям’і Мікалая і Алены нарадзілася трое дзяцей: Гельмір, Вальмен і Радаслава. Рэдкія імёны дзецям даваў бацька. Ён быў чалавекам энцыклапедычных ведаў, незвычайным, хацеў, каб усё было прыгожа і арыгінальна. У сям’і Аладавых нават сабака меў мянушку Прэста.


Ужо з першых дзён існавання сучаснага мастацкага музея, які тады называўся Дзяржаўнай карціннай галерэяй, лёс Алены Васільеўны быў непарыўна з ім звязаны. У 1937 годзе Аладава была залічана ў штат Інстытута літаратуры і мастацтва Акадэміі навук, стаўшы навуковым супрацоўнікам групы па стварэнні першай Беларускай карціннай галерэі, якая адкрылася ў 1939 годзе. Дырэктарам быў прызначаны мастак-кераміст Мікалай Міхалап. На той момант Алена Васільеўна ўжо вучылася на завочным аддзяленні мастацтвазнаўства Інстытута філасофіі імя Мікалая Чарнышэўскага ў Маскве і працавала навуковым супрацоўнікам у новаўтворанай дзяржаўнай карціннай галерэі. Аднак дыплом атрымаць не паспела — пачалася вайна. Ваенныя падзеі заспелі Аладавых у Мінску.


Менавіта пра першыя дні акупацыі Алена Васільеўна згадвае ў сваіх успамінах. Пра тое, як супрацоўнікі апошнія ночы, што праводзілі ў Мінску, знаходзіліся ў музеі, пакавалі каштоўныя прадметы для эвакуацыі. Аднак, на жаль, самой эвакуацыі не адбылося, таму што ў горадзе быў хаос. Дырэктар музея Мікалай Міхалап шукаў транспарт, каб вывезці самыя каштоўныя экспанаты. З транспартам разабраліся, а вось кіроўца не знайшоўся. У выніку ўсё было вырашана пакінуць у музеі, зачыніўшы дзверы на глухі замок.


Нават падчас вайны шукала грошы на рэканструкцыю беларускіх карцін


Эвакуацыю Аладавы правялі ў Саратаве. Там Алена Васільеўна спачатку вучылася на кіроўцу грузавіка, бо не магла знайсці ніякай іншай працы, але пазней уладкавалася на пасаду намесніка дырэктара па навуцы і галоўнага захавальніка Мастацкага музея імя Радзішчава. Нават у гэтыя цяжкі ваенныя гады, знаходзячыся ў эвакуацыі, яна імкнулася падтрымліваць музейную справу Беларусі. Аладава пісала звароты і здабывала грошы, каб рэстаўраваць тыя нешматлікія карціны, якія захавалі і вывезлі з нашых музеяў.

Як толькі Беларусь вызвалілі, Алена Васільеўна вяртаецца і прызначаецца дырэктарам Дзяржаўнай карціннай галерэі. Трэба сказаць, што сёння ўзнікае шмат пытанняў адносна таго, чаму Аладаву, якая да вайны была навуковым супрацоўнікам, прызначылі дырэктарам і чаму не працягнуў працу першы кіраўнік музея Мікалай Міхалап. На гэты конт існуе нямала меркаванняў і гіпотэз, але трэба адзначыць, што Алена Васільеўна, як дырэктар музея, з 1944 па 1977 год стварыла калекцыю, сабрала той скарб, якім сёння ганарацца не толькі супрацоўнікі, але і ўся краіна. На жаль, з даваеннай калекцыі амаль нічога не захавалася — усё было вывезена. І ў будынку музея, які на той момант месціўся на вуліцы Карла Маркса, засталося толькі некалькі вялікіх і грувасткіх скульптур. Іх фізічна не маглі вынесці з памяшкання альбо проста не пажадалі.


У музей вяртаюцца супрацоўнікі і складаюць першы дакладны вопіс прадметаў, якія знаходзіліся ў калекцыі да вайны. Уся яна была ацэнена ў 8,5 мільёна рублёў.


Спадзявацца на тое, што ў хуткім часе экспанаты будуць вернутыя, ды яшчэ ў поўным аб’ёме, было наіўна, таму Аладава дзейнічае рашуча і імкліва. Яна прымае важныя рашэнні і робіць стратэгічны крок — заручаецца падтрымкай прафесіяналаў-мастацтвазнаўцаў у Маскве і Беларусі. Алена Васільеўна ад імя музея падпісвае дамовы са спецыялістамі, якія будуць дапамагаць шукаць карціны, скульптуры, графіку для закупкі ў музей. І дзякуючы гэтым сувязям яна на працягу дырэктарства знаходзіла рэдкія, ужо прызабытыя творы вядомых мастакоў Беларусі і Расіі, робячы так, каб гэтыя творы станавіліся калекцыяй Дзяржаўнай карціннай галерэі.


Ладзіла экспедыцыі па ўсёй Беларусі, каб знайсці прадметы старадаўняга беларускага мастацтва


Увогуле сёння Аладаву з упэўненасцю можна было б назваць добрым менеджарам: яна аб’ектыўна ацэньвала сітуацыю, у якой знаходзіўся музей. Алена Васільеўна выбрала два асноўныя кірункі, каб папаўняць калекцыю. Першы — беларускае мастацтва XII—XIX стагоддзяў. Разам з другімі супрацоўнікамі Акадэміі навук і музея яна арганізоўвае навуковыя экспедыцыі па ўсёй Беларусі, каб скласці вопіс помнікаў рухомага і нерухомага мастацтва. Некаторыя прадметы з зачыненых касцёлаў і цэркваў трапілі пазней у калекцыю музея. Гэта і абразы, і скульптуры, і кнігі, якія рэстаўруюцца, вывучаюцца і ўводзяцца ў навуковы зварот.

Трэба адзначыць, што большая частка сакральнага мастацтва Беларусі, якое сёння экспануецца ў музеі, сабрана менавіта ў тых экспедыцыях. З 1946 па 1989 год музейнымі супрацоўнікамі было здзейснена 106 навуковых экспедыцый у розныя рэгіёны краіны. Акрамя гэтага вывучалася мастацтва Беларусі XIX стагоддзя, шукаліся тыя мастакі, які былі родам з Беларусі, але пазней пераязджалі і жылі на тэрыторыі Расіі. Карціны, графіку, скульптуры гэтых мастакоў супрацоўнікі музея таксама шукалі, папаўняючы імі фонд.

Разам з рэстаўратарам Віктарам Філатавым падчас экспедыцыі ў Брэсцкай вобласці

Другі кірунак — гэта рускае мастацтва. Беларусь знаходзілася ў складзе Савецкага Саюза, які заставаўся закрытай дзяржавай. Аладава разумела, што заходнееўрапейскія рынкі таксама фактычна закрытыя, таму думаць пра калекцыю заходнееўрапейскага мастацтва было фантазіяй і ілюзіяй. Зрабіць падобнае было складана, зыходзячы з рэчаіснасці. Таму асноўная стаўка рабілася на рускае мастацтва. Дзеля гэтага Алена Васільеўна працавала з калекцыянерамі.


Пасляваенны перыяд быў нялёгкім. Гэта час разбурэння і голаду. Ён прымусіў шматлікіх калекцыянераў, прыватных уласнікаў паказаць тыя творы, якія дзесяцігоддзямі, а можа нават і стагоддзямі лічыліся зніклымі. У пасляваенны перыяд, у 1940—1950-я гады, калекцыянеры пачынаюць прадаваць творы вядомых рускіх мастакоў. І Аладава карыстаецца гэтым. Яна ездзіць па тэрыторыі ўсяго Савецкага Саюза і з дапамогай навуковых супрацоўнікаў шукае калекцыянераў і выбітныя творы мастацтва сусветнага ўзроўню. Вядома шмат цікавых гісторый, звязаных з тым, як разнастайныя карціны траплялі ў калекцыю музея. Але самай яскравай, якая апісвае, у якіх умовах была вымушана працаваць Алена Васільеўна, з’яўляецца наступная.


Каб атрымаць карціны вядомых мастакоў, пайшла на невялічкую хітрасць


У 1952 годзе на ацэнку экспертнай камісіі Міністэрства культуры СССР прыватны ўласнік перадаў два жаночыя партрэты, якія прыпісваліся пэндзлю вядомых рускіх мастакоў — Дзмітрыя Лявіцкага і Фёдара Рокатава. Закупачная камісія ацаніла гэтыя прадметы ў 18 тысяч рублёў. Сам уладальнік з такой ацэнкай не пагадзіўся і вырашыў іх забраць, каб прадаць прыватнай асобе, якая прапанавала на дзве тысячы больш.


Аладава ўгаворвала яго пачакаць наступнай камісіі, дзе адбудзецца пераацэнка, але ён усё роўна не пагаджаўся. Тады яна пры падтрымцы члена камісіі Міхаіла Крысці паабяцала калекцыянеру, што карціны набудуць за 20 тысяч рублёў. Яны змянілі кошт у пратаколе, каб на бліжэйшым пасяджэнні яго зацвердзіць. Уладальнік пагадзіўся, і карціны адправілі ў Мінск. Аднак праз пэўны час Аладаву і Крысці выклікалі ў Маскву. Спачатку іх грозна адчыталі за парушэнне фінансавай дысцыпліны, а калі яны зусім паніклі, старшыня Камітэта па справах мастацтваў пры Саўміне СССР Мікалай Бяспалаў усміхнуўся і сказаў: «Пераможцаў не судзяць», а затым павіншаваў са здабыткам. Гэтыя словы можна назваць дэвізам Алены Васільеўны, ейнай працы. Яна выходзіла пераможцам з розных гісторый, якія яе сустракалі на працягу жыцця.


Безумоўна, яна працавала не адна, а разам з супрацоўнікамі, якія ёй дапамагалі і якія яе падтрымлівалі. Увогуле вакол асобы Аладавай складвалася вельмі шмат чутак, якія пазней перарасталі ў міфы і легенды, што жывуць і сёння. Бадай што самая вядомая легенда — аб тым, што калі Алена Васільеўна выязджала ў камандзіроўку, то брала з сабой чамаданы, запоўненыя грашыма. І калі знаходзілася тое, што яе цікавіла, абавязкова закупала. Таму нібыта ў чаргу да Аладавай выстройваліся калекцыянеры, якія хацелі прадаць свае творы менавіта мінскаму музею. Гэта, безумоўна, была толькі легенда. Рэальная сітуацыя выглядала іначай. Шматлікія творы мастацтва — карціны, скульптуры — маглі год ці два чакаць чаргі на аплату. Іх прывозілі ў Мінск, яны ўжо знаходзіліся ў пастаяннай экспазіцыі, але яшчэ не былі аплочаныя. Менавіта праз гэта ў адрас Алены Васільеўны пісаліся лісты. Спачатку вельмі ветлівыя, з напамінам, што мінуў час і трэба аплаціць. Пасля лісты былі ўжо больш настойлівыя, потым — з пагрозамі, што будзе накіраваны пазоў у суд. Але Аладава, нягледзячы ні на што, заставалася аўтарытэтам. Калі яна казала, што карціна будзе закуплена, ёй верылі, яна без грошай магла забраць гэтую карціну і прывезці ў Мінск.


Трэба сказаць, што пасяджэнні закупачнай камісіі не заўсёды праходзілі гладка. Цяжка было сабраць усіх членаў камісіі, але «на Аладавай» (так называлі пасяджэнні з ейным удзелам, на якіх разглядаліся прадметы для закупкі ў мінскі музей) заўсёды быў аншлаг. Чаму? Таму што яна знаходзіла і прывозіла тыя карціны, якія, як ужо адзначалася, дзесяцігоддзямі ці нават стагоддзямі лічыліся зніклымі.


Адзін з самых прыкрых прыкладаў у жыцці Алены Васільеўны наступны. Аднойчы яна прывезла на закупку жывапіснае палатно Васіля Сурыкава «Апостал Павел тлумачыць дагматы веры ў прысутнасці цара Агрыпы, сястры яго Беранікі і праконсула Феста». Усе былі проста ў захапленні. Палатно, якое доўгі час лічылася зніклым, раптам прывезена Аладавай, каб яго ацанілі для будучай закупкі ў Мінск. Маскоўскія супрацоўнікі музеяў, канешне ж, не маглі гэта пакінуць проста так. Пачалася цэлая эпапея і доўгія размовы аб тым, што гэты твор, як шэдэўр рускага мастацтва, павінен знаходзіцца ў Маскве. І супрацоўнікі Траццякоўскай галерэі ў выніку настаялі на сваім. Палатно Сурыкава засталося ў Маскве, аднак Алена Васільеўна пагадзілася на гэта толькі ў тым выпадку, калі ў Мінск адправяць іншую карціну. Так у наш музей патрапіў твор Генрыха Семірадскага, які і сёння знаходзіцца ў пастаяннай экспазіцыі.


Карціну «Няроўны шлюб» набылі ў цыркавых артыстаў Дуравых

Цікавая таксама і гісторыя, як у калекцыю патрапіла палатно Васіля Пукірава «Няроўны шлюб». Аднойчы Аладавай паведамілі, што ў Маскве, у музеі Дуравых, знаходзіцца карціна, якая вельмі нагадвае копію вядомага палатна Пукірава, арыгінал якога знаходзіўся ў Траццякоўскай галерэі. Алена Васільеўна паехала ў Маскву, каб проста паглядзець на карціну. Калі вынеслі палатно, на ім быў вялікі слой пылу. Яго паступова пачалі расчышчаць, і Аладава, маючы прафесійны зрок, убачыла, што гэта не проста копія нейкага вучня, а нешта большае. Яна папрасіла дазволу адвезці палатно на экспертызу ў Траццякоўскую галерэю. Калі за яго ўзяліся рэстаўратары, дык пад пылам заўважылі подпіс мастака Пукірава і дату. Гэта быў аўтарскі паўтор, які сам Пукіраў стварыў праз 13 гадоў пасля першай версіі. Алена Васільеўна вымушана была прызнацца, што гэта палатно Пукірава, і першапачатковы кошт адразу вырас. Але яна дасягнула сваёй мэты — палатно прыехала ў Мінск і сёння знаходзіцца ў пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея.

Васіль Пукіраў «Няроўны шлюб»
Варта адзначыць, што не заўсёды Аладаву падтрымлівалі. Яе асуджалі, а сярод нашых мастакоў хадзілі размовы пра тое, што грошы, якія павінны ісці на закупку твораў беларускіх мастакоў, сыходзяць у Маскву да прыватных калекцыянераў. І гэтыя чуткі, размовы былі не толькі ў кулуарах, але і ў афіцыйнай прэсе. Надрукавалі нават асуджальны артыкул, у якім сцвярджалася, што большая ўвага ў музеі надаецца рускаму мастацтву. Але гэтыя чуткі насамрэч не мелі ніякіх падстаў. Як ужо адзначалася, Алена Васільеўна выбрала некалькі кірункаў развіцця і ў тым ліку папаўняла фонд сучасным беларускім жывапісам.


Менавіта яна, як ніхто іншы, мела аўтарытэт, і калі казала, што карціна вартая калекцыі, тая ў яе трапляла. Аладава магла адстаяць творы тады яшчэ студэнтаў, а сёння вядомых беларускіх мастакоў Мая Данцыга, Леаніда Шчамялёва. Нягледзячы на меркаванні іншых членаў камісіі, якія выступалі супраць, яна настойвала на тым, каб іх карціны траплялі ў калекцыю музея.

У перыяд дырэктарства Алены Васільеўны музей наведвала шмат замежных гасцей — і мастакі, і дырэктары музеяў, але бадай самым вядомым госцем была мастачка Надзея Лежэ. Ураджэнка Віцебшчыны прыязджала ў Мінск падчас сваіх візітаў у Савецкі Саюз, калі наведвала маскоўскія музеі. У Нацыянальны мастацкі музей яна завітвала са шчодрымі падарункамі — прывозіла шматлікія рэплікі карцін і скульптур, якія знаходзіліся ў калекцыях заходнееўрапейскіх музеяў і рабіліся ў прафесійных майстэрнях Луўра. Таксама прывозіла свае творы і творы мужа Фернана Лежэ, а яшчэ кераміку вядомага мастака Пабла Пікаса.


Ёсць цікавая гісторыя (магчыма, не зусім праўдзівая), як Аладава ў прыватнай размове пажалілася Лежэ на тое, што не хапае сродкаў і на рамонт будынка, і на закупку карцін, скульптур. Надзея зняла з грудзі супрэматычную брошку, выкананую з каштоўных металаў, і сказала: «Я думаю, што гэтага вам хопіць». Аднак Алена Васільеўна пабаялася яе прыняць. Кажуць таксама, што шматлікія падарункі, якія прывезла Надзея Лежэ, не адразу сталі часткай калекцыі, а некаторы час нібыта знаходзіліся «пад сталом» у дырэктара. Бо Аладаву маглі абвінаваціць у папушчальніцтве фармалізму праз тое, што ў калекцыю прымаецца авангарднае мастацтва. Але калі прыйшоў час, гэтыя творы занялі пачэснае месца ў экспазіцыі.

Надзея Лежэ ў Мінску
Сямейныя грошы ішлі на ўтрыманне музея


Алена Васільеўна як легендарная асоба заслугоўвае таго, каб вакол яе і сёння жылі шматлікія легенды. Некаторыя заснаваны на рэальных фактах, а некаторыя, магчыма, ствараліся на падставе чутак. Але сапраўды гэта той чалавек, які заснаваў калекцыю скарбаў Беларусі. Тое, чым зараз мы ўсе ганарымся. Як ужо адзначалася, гэта заслуга не толькі Аладавай, а і ўсіх тых, хто быў побач з ёй. Найперш блізкіх. Яе муж Мікалай, вядомы беларускі кампазітар, часам жартаваў, што працуе на мастацкі музей. Бо тыя ганарары, якія ён атрымліваў за музычныя творы, вельмі часта ў прамым сэнсе ішлі менавіта туды. І ёсць гісторыя, што калі не хапала грошай, каб накрыць у музеі дах руберойдам, яны ішлі з прыватнай сямейнай казны. Музей для Алены Васільеўны быў не проста працай. Гэта было ейнае жыццё, якім яна кіравала 33 гады. Але ў 1972-м, пасля смерці мужа, Аладава па стане здароўя пачала шукаць сабе пераемніка. І ўрэшце знайшла такога чалавека — ім стаў Юрый Карачун.


Пасля сыходу на пенсію Алена Васільеўна праводзіла кансультацыі і фактычна да апошніх дзён заставалася ў сваім доме — у музеі. Памерла яна 29 мая 1986 года, пахавана побач са сваім мужам на Усходніх могілках у Мінску. Помнікам для Аладавай сёння з’яўляецца ў першую чаргу музей. Той музей, які яна заснавала. А напамінам пра Аладавых, Алену і Мікалая, з’яўляецца вуліца ў мінскім мікрараёне Дамброўка, названая ў іх гонар.


Onliner.by. Пашпарт грамадзяніна

Показать полностью 5
15

Вынаходнік шматступеньчатай ракеты і аўтар «Вялікага мастацтва артылерыі». Распавядаем пра навукоўца Казіміра Семяновіча

Гэта наш чарговы матэрыял пра самых таленавітых і цікавых людзей беларускай зямлі. І гэтым разам мы распавядзем пра чалавека, імя якога вы дакладна чулі. Казімір Семяновіч стаў вядомы як вынаходнік шматступеньчатай ракеты. Ён першым выказаў, абгрунтаваў і апісаў яе ідэю. І таму яна стала прататыпам тых ракет, што больш за паўстагоддзя выводзяць на арбіты касмічныя апараты і могуць вывесці самую небяспечную зброю. А пра вельмі плённы лёс вынаходніка мы распавядаем сёння разам з гісторыкам Алегам Дзярновічам.
Спасылка для тых, хто любіць слухаць.

Пра жыццё і паходжанне Казіміра Семяновіча вядома вельмі мала. Беларускія даследчыкі Бельскі і Ткачоў сцвярджаюць, што ён нарадзіўся каля Дуброўны на Віцебшчыне ў сям’і дробных князёў Семяновічаў, якія ў XIV—XVII стст. валодалі невялікімі землямі ў гэтай частцы Падняпроўя. Некаторыя прыклады лексікі самога вучонага пацвярджаюць такую думку. Але запісы пра сем’і з прозвішчам Семяновіч, якія б мелі права на герб Астоя, не вядомы. Не выключана, што Казімір проста набыў права надрукаваць герб у сваёй кнізе, каб паспрыяць яе папулярнасці. Сам ён пісаў пра сваё месца ў шляхецкай іерархіі даволі невыразна (магчыма, менавіта з указанай прычыны). Называючы сябе літвінам, Семяновіч меў на ўвазе сваё грамадзянства ВКЛ. У літоўскай версіі Казімір нарадзіўся каля Росеняў (зараз Расейняй) у Жамойці ў небагатай шляхецкай сям’і магістра філасофіі і вольных мастацтваў з такім самым прозвішчам, які запісаны ў актах Віленскай акадэміі пад 1650 годам. Аднак усё, што мы ведаем пра біяграфію Семяновіча, супярэчыць гэтаму меркаванню. Сам Казімір падпісваўся як eques Lithuanus — «шляхціц-літвін».

Семяновіч — удзельнік вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай і аблогі горада Белага, удзельнік бітвы 30 студзеня 1644 года войскаў Рэчы Паспалітай з татарамі пад Ахматавам, дзе ён убачыў татарскія феерверкі.


Выехаўшы ў Нідэрланды, у 1645-м Казімір прыняў удзел у аблогах розных гарадоў войскамі Фрыдрыха Генрыха Аранскага. У Нідэрландах жа атрымаў магчымасць пазнаёміцца з багатай еўрапейскай літаратурай пра артылерыю, піратэхніку, з кнігамі па гісторыі і культуры. Назапасіўшы тэарэтычныя веды, набыўшы практычны вопыт, Семяновіч распачаў свае ўласныя доследы з мэтай даведацца пра ўсе «таямніцы парахавых сіл», авалодаць майстэрствам артылерыі і піратэхнікі. Ён вывучаў механіку, гідраўліку, пнеўматыку, грамадзянскую і ваенную архітэктуру, а таксама фізіку, хімію, матэматыку, засвоіў такія важныя рамёствы, як разьба па дрэве і метале, адліўка гармат з металаў і інш. Вельмі верагодна, што кароль польскі і вялікі князь літоўскі Уладзіслаў IV падтрымліваў таленавітага феерверкера і даваў патрэбныя сродкі, каб Казімір меў магчымасць вывучаць зброю ў еўрапейскіх арсеналах.


Семяновіч вярнуўся ў Рэч Паспалітую ў 1646 годзе, калі Уладзіслаў IV збіраў з усёй Еўропы артылерыйскіх спецыялістаў для вялікай вайны з туркамі. Быў прызначаны інжынерам у кароннай артылерыі. У 1648-м Казімір атрымаў пасаду намесніка начальніка артылерыі Каралеўства Польскага і разам з 12 гарматнікамі выязджаў на вайну з казакамі. Па ўласнай ініцыятыве, а часта і за свой кошт праводзіў эксперыменты ў галіне знешняй і ўнутранай балістыкі, рабіў шматлікія запускі ракет. Пасля паражэння польскага войска ад казакаў Багдана Хмяльніцкага пад Піляўцамі выйшаў у адстаўку ў званні генерал-лейтэнанта кароннай артылерыі і атрымаў дазвол зноў выехаць у Нідэрланды. Існуе і такая думка, што Семяновіч быў вымушаны выехаць з-за канфлікту са сваім начальнікам К. Арцішэўскім.

У 1650 годзе ў Амстэрдаме пры маральнай і фінансавай падтрымцы эрцгерцага Леапольда Вільгельма Габсбурга выдаў на лаціне трактат Artis Magnae Artilleriae («Вялікае мастацтва артылерыі»). У 1651-м гэтую кнігу перавыдалі на французскай мове з прадмовай аўтара, прысвечанай Вільгельму Фрыдрыху — начальніку артылерыі Рэспублікі задзіночаных правінцый (тады такая была афіцыйная назва Нідэрландаў). Трактат Семяновіча перакладаўся на нямецкую, англійскую, галандскую, польскую, дацкую ды іншыя мовы. Гэтая кніга больш за два стагоддзі была ў Еўропе падручнікам па артылерыі. У ёй прадстаўлены стандартныя канструкцыі ракет, запальных снарадаў і іншых піратэхнічных прыстасаванняў. Тут упершыню была разгледжана ідэя выкарыстання рэактыўнага руху ў артылерыі. Вялікі раздзел прысвечаны калібрам, канструкцыі, будове і якасцям ракет (як ваенных, так і грамадзянскіх), у тым ліку шматступеньчатых ракет, ракетных батарэй і ракет са стабілізатарамі.


Падрыхтаваў вучоны да друку і другую частку сваёй працы, аднак выдаць яе не паспеў.


У сваім светапоглядзе Казімір у асноўным прытрымліваўся канцэпцыі Арыстоцеля, сведчаннем чаго з’яўляюцца тыя месцы ў «Вялікім мастацтве артылерыі», дзе аўтар пераходзіў ад апісання эмпірычных вынікаў да іх інтэрпрэтацыі ці да агульных светапоглядных пытанняў. Таксама ён добра ведаў вучэнне старажытнагрэчаскіх філосафаў пра натуральныя і вымушаныя рухі і тагачасную канцэпцыю «імпэтусу» — руху цела пад націскам іншага цела-рухача. Семяновіч добра ведаў і антычную літаратуру, і сучасныя яму тэхнічныя дасягненні, і працы тагачасных еўрапейскіх аўтараў, што выдаваліся на нямецкай, грэчаскай, лацінскай і іншых мовах. Польскі гісторык Г. Новак падлічыў, што ў кнізе беларускага навукоўца цытуюцца больш за 200 аўтараў, выкарыстана каля 260 твораў, пераважна старажытных трактатаў, каля 40% складаюць кнігі эпохі Рэнесансу і Новага часу (XVI — першая палова XVII ст.), шырока выкарыстаны творы Платона, Арыстоцеля, Сенекі, Эўкліда, Архімеда, Апалона з Пергама, знакамітых сярэдневяковых даследчыкаў, медычная і прыродазнаўчая літаратура, выданні па земляробстве, хіміі, тэхніцы, гісторыі. У кнізе Семяновіча мы можам знайсці таксама згадкі пра дарагую яму Айчыну і апісанні роднай прыроды.

Казімір дамогся рэальных поспехаў менавіта таму, што яго высновы грунтаваліся не на агульнафіласофскіх палажэннях пра праблемы руху, а на тэарэтычнай і матэматычнай інтэрпрэтацыі атрыманых ім доследных звестак. У гэтым дачыненні характэрнымі з’яўляюцца вынікі праведзеных ім эксперыментаў па стральбе з гармат, зараджаных двума ядрамі, на аснове чаго навуковец фармулюе закон абсалютнага няпругкага сутыкнення аднолькавых па велічыні, форме і рэчывах цел. «У цэлым жа, — піша ён, — ніякі рух не знікае, а толькі ад аднаго прадмета пераходзіць да другога. Таму адно і другое целы будуць рухацца адначасова, аднак у два разы павольней, чым да гэтага». Амаль за 35 гадоў да ўвядзення Лейбніцам паняцця кінетычнай энергіі, зыходзячы з назіранняў за работай майстраў-ракетнікаў пры запаўненні порахам ракеты, Семяновіч прыйшоў да высновы, што пры аднолькавай вуглавой хуткасці лінейная хуткасць молата прапарцыянальна квадрату даўжыні ручкі першай ступені вагі.

Сустракаюцца ў кнізе і тыпова схаластычныя разважанні. Але ад большасці папярэднікаў і сучаснікаў Казіміра адрознівала паслядоўная апора на доследы, эксперыменты пры вывучэнні і тлумачэнні з’яў, за якімі вядзецца назіранне. Так падыходзіў ён і да выкладання тэарэтычных палажэнняў і метадаў вызначэння калібру гармат, радыусаў і вагі ядраў у залежнасці ад матэрыялаў, да раскрыцця хіміі і тэхналогіі вырабу розных гатункаў пораху, спосабаў праверкі яго баявых якасцей і захоўвання.


Семяновіч глыбока аналізаваў метады разліку разнастайных тыпаў ракет, што выкарыстоўваліся і ў ваеннай справе, і для цывільных патрэб. Даў апісанне канструкцый і спосабаў вырабу некалькіх дзясяткаў тыпаў ракет, у тым ліку ракет з хвастатымі стабілізатарамі-крыламі, ракет, якія запускаліся са спецыяльных станкоў, і інш. Асабліва цікавыя для сучасных гісторыкаў навукі і тэхнікі звесткі пра састаўныя і шматступеньчатыя ракеты. Некаторыя з апісаных Казімірам ракет былі вядомыя з літаратурных крыніц, многія, у тым ліку і шматступеньчатыя ракеты, прапанаваны iм упершыню.


Да вывучэння канструявання розных тыпаў аўтар падыходзіў гэтаксама, як і да іншых пытанняў, што разглядаліся ў кнізе, — не як рамеснік, а як навуковец-прыродазнавец, эксперыментатар і практык. Погляды Семяновіча на прычыны руху ракеты, паводле яго сведчанняў, мусілі быць выкладзены ў другой, страчанай частцы кнігі «Вялікае мастацтва артылерыі». Тут ён меркаваў зрабіць экскурс у гісторыю старажытнай ваеннай тэхнікі, сучасных яму сухапутных і марскіх гармат, апісаць працэс іх абслугоўвання, выкарыстання і спосабы абароны ад нападу праціўніка, формы і тэхналогію пабудовы артылерыйскай тэхнікі. Згадваў Казімір і намер прысвяціць спецыяльны раздзел свайму новаму вынаходству, «у якім змяшчаюцца ўсе нашы веды» і якое «перасягае шмат якія іншыя прыстасаванні і замяняе іх усе».

Трэба сказаць, што сёння памяць пра Семяновіча культывуецца ў краінах, якія некалі складалі Вялікае Княства Літоўскае. У 1995 годзе «Белпошта» выпусціла адмысловую марку, прысвечаную вучонаму. На працягу 2012—2013 гадоў Нацыянальная бібліятэка Беларусі пры спрыянні спонсараў выкупіла і вярнула ў Беларусь усе першыя выданні трактата «Вялікае мастацтва артылерыі» на лацінскай (1650), французскай (1651), нямецкай (1676) і англійскай (1729) мовах. У 2017-м у рамках тэлевізійнага праекта «100 імёнаў Беларусі» быў створаны дакументальны фільм «Казімір Семяновіч. Вялікае мастацтва артылерыі». А ў 2018-м у Вільні быў адкрыты помнік у выглядзе ракеты ў гонар яе вынаходніка. Гэтая скульптура пастаўлена па дарозе ў аэрапорт, каля прыватнага ўніверсітэта імя Казіміра Семяновіча. Гэтым летам памятная шыльда ў гонар вучонага з’явілася і ў скверы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, перад Цэнтральнай навуковай бібліятэкай.


Навуковыя працы і эксперыменты Семяновіча на многія гады прадвызначылі шляхі развіцця еўрапейскай артылерыі і былі з вялікай цікавасцю і ўвагай сустрэты ў Еўропе. А яго гуманістычны светапогляд, адмаўленне войнаў як найвялікшага няшчасця для чалавецтва служаць для нас узорам грамадзянскай адказнасці.


Існуе версія смерці Семяновіча, паводле якой ён загінуў падчас няўдалага эксперыменту з выбуховым прыстасаваннем. Гэта быў сімвалічны фінал.


Onliner.by. Пашпарт грамадзяніна

Показать полностью 5
19

Першы пост у першым таварыстве на мове. Шпаргалкі для тых, хто імкнецца гаварыць па-беларуску

У рамках праекта «Пашпарт грамадзяніна» мы вырашылі паклапаціцца аб тых нашых грамадзянах, якія жадаюць размаўляць па-беларуску, але па нейкіх прычынах гэтага не робяць: бянтэжацца або думаюць, што пасля школы ўсё цалкам забыліся. Прапануем вашай увазе серыю шпаргалак, мэта якіх — аднавіць веды і дапамагчы пачуваць сябе ўпэўнена пры карыстанні беларускай мовай у розных жыццёвых сітуацыях. Кожны выпуск — гэта невялікая тэматычная падборка лексікі з прыкладамі ўжывання і некаторымі заўвагамі.

Пачынаем з вітанняў і развітанняў. Тлумачэнні або пераклад на рускую мову прыводзяцца ў дужках. Матэрыял узгоднены з Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Карыстайцеся на здароўе.

Паспрыяць удасканаленню маўлення могуць гутаркі з дасведчанымі размоўцамі, а таксама беларускія падкасты, фільмы ды музыка. Сёння раім вам паслухаць кампазіцыю пад назвай «Як ты».

Onliner.by

Показать полностью 5 1
Отличная работа, все прочитано!