Куды і калі накіроўваліся беларускія вайскоўцы
6 студзеня Рэспубліка Беларусь адправіла сваіх вайскоўцаў для ўдзелу ў міратворчай аперацыі АДКБ у Казахстане. З віцебскага аэрадрома вылецелі каля ста ваеннаслужачых 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады. Ужо 7-га перакідка войскаў была завершаная. Байцы прыступілі да выканання пастаўленых задач. У сферу дзейнасці кантыненту ўвайшлі ахова аб’ектаў і дапамога казахстанскім сілавым структурам.
Трэба адзначыць, што замежныя місіі і камандзіроўкі для беларускай арміі не ў навінку.
Беларускі кантынгент войскаў у Казахстане склала міратворчая рота 103-й брыгады, створаная яшчэ ў 2005 годзе. У падраздзяленне ўваходзяць выключна кантрактнікі, якія спачатку прайшлі адборачныя экзамены (у тым ліку на веданне англійскай мовы), а затым трохмесячны курс падрыхтоўкі.
Пачынаючы з 2010 года на ратацыйнай аснове байцы роты прымаюць удзел у місіі ААН у Ліване. Тут «блакітныя каскі» ажыццяўляюць кантроль над мяжой з Ізраілем. Беларусы дзейнічаюць у складзе італьянскіх сіл. Да 2020 года беларуская група налічвала пяць чалавек, але пазней была павялічана да сямі. Сюды ўвайшлі афіцэр штаба, два спецыялісты і чатыры медыка.
Таксама міратворчая рота далучылася да ўкраінскай місіі АБСЕ. На гэты напрамак было накіравана два чалавекі.
У 2008—2013 гадах у Венесуэле знаходзілася група ваенных спецыялістаў з Беларусі пад кіраўніцтвам генерала Па́ферава. Вайскоўцы дзейнічалі ў рамках пагаднення 2007 года, якое прадугледжвала, што венесуэльцам будзе аказаная дапамога ў стварэнні адзінай сістэмы супрацьпаветранай абароны і радыёэлетроннай барацьбы. Па заканчэнні ўдалося дамагчыся паспяховага абнаўлення і сістэматызацыі гэтых галін. Па-першае, паасобныя падраздзяленні войскаў супрацьпаветранай абароны аб’ядналі ў адзіную структуру, дамогшыся яе суладнай работы. Па-другое, праверылі існае ўзбраенне і дакупілі новае.
Наогул камандзіроўкі ваенных спецыялістаў, саветнікаў і міратворцаў Беларусь ажыццяўляе не так часта, як, скажам, суседняя Украіна, чые вайскоўцы пабывалі ў шэрагу краін Афрыкі і Ісламскага свету. Пра Расію і казаць не варта, там пра адных толькі вагнераўцаў можна дысертацыі пісаць.
Тым не менш, акрамя Венесуэлы і Лівана, на сённяшні дзень беларусы паспелі пабываць у Нігерыі (пераважна авіяцыйныя тэхнікі для верталётаў 97-й групы спецпрызначэння ў Порт-Харкорт), Лівіі (афіцыйна — да пачатку грамадзянскай вайны, неафіцыйна — паспелі прыняць у ёй некаторы ўдзел) і Емене. У апошнім, на жаль, двое спецыялістаў 140-га рамонтнага завода, што працавалі па ўзгадненні беларускага і еменскага міністэрстваў абароны, загінулі падчас нападу баевікоў Аль-Каіды [арганізацыя, забароненая здаровым сэнсам] на гасцінцу «Амстэрдам» у Сане. Інцыдэнт адбыўся 26 лістапада 2013 года.
Ёсць інфармацыя аб візітах у Кот-д’Івуар (2004, 2005 і 2020), аб якім я ўжо пісаў, і Дэмакратычную Рэспубліку Конга (2015—2019). Аднак на рахунак іх ёсць спрэчкі, што там дзейнічалі не кадравыя вайскоўцы ці яшчэ якія дзяржаўныя спецыялісты, а найміты.
Дарэчы, пра гісторыю беларусаў у Кот-д’Івуары я ўжо пісаў асобны пост. (гл. Прыгоды беларусаў у Кот-д’Iвуары)